Колькасць прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Расеі скарацілася да 8 чалавек



Колькасць удзельнікаў перадвыбарнай прэзідэнцкай гонкі ў Расеі скарацілася да васьмі чалавек. Кола прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду ў краіне абазначылася 31 студзеня пасля таго, як Цэнтрвыбаркам завяршыў прыём подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку патэнцыяльных кандыдатаў.

Подпісы ў сваю падтрымку здалі шэсць чалавек: дзеючы прэзідэнт Уладзімір Пуцін, які выступае ў якасці самавылучэнца, Рыгор Яўлінскі (вылучаны партыяй „Яблоко”), Барыс Цітоў („Партыя росту”), Сяргей Бабурын (Расійскі агульнанародны саюз), Ксенія Сабчак („Грамадзянская ініцыятыва”) і Максім Сурайкін („Камуністы Расіі”).

Акрамя таго, у кампаніі прадоўжаць удзел два кандыдаты ад парламенцкіх партый – Уладзімір Жырыноўскі (ЛДПР) і Павел Грудзінін (КПРФ), якія ў адпаведнасці з заканадаўствам вызвалены ад збору подпісаў. Яны ўжо зарэгістраваны кандыдатамі на пасаду прэзідэнта РФ.

Астатнія прэтэндэнты, а першапачаткова аб сваім намеры пазмагацца за пасаду прэзідэнта заяўлялі каля двух дзясяткаў чалавек, сышлі з дыстанцыі. Некаторыя з іх не змаглі сабраць неабходных подпісаў або сфарміраваць выбарчы фонд, іншыя адмовіліся без тлумачэння прычын.

У Цэнтрвыбаркама цяпер ёсць 10 дзён для праверкі дакументаў і подпісаў. Для праверкі будуць выкарыстаны 60 тыс. подпісаў, забракаваных павінна быць не больш за 5 працэнтаў. У выпадку, калі будзе перавышэнне 5 працэнтаў недакладных подпісаў, робіцца паўторная праверка наступных 30 тыс. подпісаў. Калі па выніках праверкі сумарна 90 тыс. подпісаў колькасць недакладных подпісаў перасягне 5 працэнтаў, кандыдат не будзе дапушчаны да выбараў.

Выбары прэзідэнта Расеі назначаны на 18 сакавіка.

belta.by