Прэзідэнт Польшчы правёў тэрміновую нараду па сітуацыі на беларуска-польскай мяжы (абноўлена)



У Бюро нацыянальнай бяспекі з удзелам кіраўнікоў міністэрстваў нацыянальнай абароны, замежных спраў, а таксама ваеначальнікаў і камандуючага пагранічнай службай прайшла нарада прэзідэнта Польшчы ў сувязі з крызісам на польска-беларускай граніцы.

„Сітуацыя вельмі дынамічная ў адмоўным сэнсе гэтага слова. Гэта выклікае ў нас глыбокую заклапочанасць. Прэзідэнт і ўрад абмеркавалі меры, якія неабходна прыняць як з пункту гледжання прамога рэагавання польскай дзяржавы на пагрозы, з якімі мы маем справу, а таксама пэўныя дзеянні на міжнароднай арэне”, – сказаў пасля сустрэчы Павел Солах, кіраўнік BBN.

„Анджэй Дуда размаўляў па тэлефоне з прэзідэнтам Літвы, з прэзідэнтам Грузіі, ён будзе прадпрымаць далейшыя дзеянні і далейшыя кантакты таксама з партнёрамі і саюзнікамі з Еўрапейскага Звяза і НАТА, – запэўніў Павел Солах.

У сувязі з магчымым развіццём сітуацыі Анджэй Дуда вырашыў змяніць свае планы на найбліжэйшыя дні і скараціць свой візіт у Славакію, паведамляе prezydent.pl.

* * *

У гэтыя хвіліны ў Варшаве праходзіць тэрміновая нарада прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды і крызіснага штабу з удзелам прэм’ер-міністра Польшчы Матэвуша Маравецкага, віцэ-прэм’ера Яраслава Качыньскага, кіраўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, Міністэрства нацыянальнай абароны і прадстаўнікоў адпаведных службаў.

Беларускае Радыё Рацыя