Прэзідэнт Польшчы выступіў на дзяржаўных урачыстасцях з нагоды Дня незалежнасці



Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выступіў падчас дзяржаўных урачыстасцяў з нагоды Дня незалежнасці.

У сваім выступе польскі лідар закрануў сітуацыю на польска-беларускай мяжы і выказаў словы ўдзячнасці тым, хто яе ахоўвае:

– Нашы думкі і сэрцы былі, ёсць і будуць з вамі, жаўнеры, якія служаць Рэспубліцы Польшча, ахоўваюць нашу бяспеку і бяспеку нашай Айчыны. Мы з вамі, з глыбокай пашанай да вас, вашай службы, вашых блізкіх і іх ахвярнасці, да польскага мундзіру, які вы з гонарам носіце. Жыве Польшча! Хай Бог беражэ нашу Радзіму!

Прэзідэнт Анджэй Дуда зазначыў, што “прыйшоў такі час, што трэба бараніць Айчыну”. Ён дадаў, што “трэба большымі высілкамі, чым раней, ахоўваць нашы граніцы”, і прымусілі да гэтага “гібрыдныя дзеянні рэжыму Беларусі супраць Польшчы і супраць Еўрапейскага Звязу”.  У Варшаве цяпер праходзіць вялікі Марш незалежнасці. У мінулыя гады падчас яго даходзіла да сутычак з паліцыяй і парушэнняў закона з боку прадстаўнікоў ультраправых сілаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: PAP/Rafał Guz