Прэзідэнт В’етнама 26-28 чэрвеня наведае Беларусь з афіцыйным візітам



Аляксандр Лукашэнка правядзе перамовы з прэзідэнтам В’етнама Чан Дай Куанг, які 26—28 чэрвеня наведае з афіцыйным візітам Беларусь.

Як паведаміла прэс-служба беларускага прэзідэнта, кіраўнікі дзяржаў правядуць сустрэчу 27 чэрвеня ў Палацы Незалежнасці ў фармаце „сам-насам”, а таксама ў пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый. Бакі абмяркуюць увесь комплекс пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, а галоўнай тэмай перамоваў стане развіццё гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння.

Чакаецца, што па выніках сустрэчы двух лідараў будзе падпісаны пакет дакументаў аб пашырэнні супрацоўніцтва ў розных сферах.

У гэты ж дзень Аляксандр Лукашэнка і Чан Дай Куанг возьмуць удзел у адкрыцці Беларуска-в’етнамскага бізнес-форуму.

Праграма афіцыйнага візіту прэзідэнта В’етнама таксама прадугледжвае перамовы з кіраўніцтвам урада Беларусі і Нацыянальнага сходу, сустрэчу з прадстаўнікамі в’етнамскай дыяспары і студэнтамі, наведванне шэрагу беларускіх прадпрыемстваў і культурных аб’ектаў.

В’етнам з’яўляецца традыцыйным гандлёвым партнёрам Беларусі ў Азіяцкім рэгіёне. Асноўныя артыкулы экспарту ў В’етнам — калійныя ўгнаенні, машынакамплекты грузавой тэхнікі, кар’ерныя самазвалы, шыны, трактары, падшыпнікі, рухавікі, поліаміды, металапрадукцыя, лекі, харчовыя прадукты.

У Беларусь з В’етнама імпартуюць сродкі сувязі, камп’ютарнае і офіснае абсталяванне, рыбу, морапрадукты, рыс, арэхі, абутак, адзенне, натуральны каўчук, перапрацаваныя трапічныя фрукты, чай, каву, спецыі.

Па выніках дзяржаўнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў В’етнам у снежні 2016 года дасягнутыя дамоўленасці значна актывізаваць эканамічнае ўзаемадзеянне, прамысловую кааперацыю, павялічыць тавараабарот і давесці яго ў 2017 годзе да 500 млн долараў.

Паводле звестак Белстата, за студзень—красавік 2017 года тавараабарот Беларусі і В’етнама склаў 31 млн 866 тыс. долараў, што на 36,3% больш, чым за аналагічны леташні перыяд, у тым ліку экспарт — 17 млн 134,4 тыс. (на 33,3% больш), імпарт — 14 млн 631,6 тыс. (на 40% больш). Станоўчае сальда склала 2 млн 602,8 тыс. долараў.

belapan.by

Фота abnews.ru