Прэзідэнтам Славакіі ўпершыню можа стаць жанчына (абноўлена)



Па выніках першага туру прэзідэнцкіх выбараў у Славакіі ўпэўнена лідзіруе адвакат і грамадская дзеячка Зузана Чапутава – за яе прагаласавала 40% выбарцаў, якія прыйшлі на дзяльніцы. У другі тур выйшаў таксама Мараш Шэфчавіч, віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай камісіі, якога падтрымлівае кіроўная партыя Smer – ён набраў больш 18%.

Другі тур галасавання пройдзе 30 сакавіка. 

***

У суботу, 16 сакавіка, грамадзяне Славакіі ў наўпроставых выбарах галасуюць за новага прэзідэнта краіны.

Да ўдзелу ў гэтых прэзідэнцкіх выбарах былі зарэгістраваныя 13 кандыдатаў.

Цяперашні прэзідэнт Славакіі Андрэй Кіска не стаў другі раз выстаўляць сваю кандыдатуру на пасаду.

Паводле апытанняў і прагнозаў найбольшую падтрымку славакаў мае 45-гадовая жанчына, юрыст паводле адукацыі, Зузана Чапутава.

У разе, калі выберуць прэзідэнтам Чапутаву, яна стане першай жанчынай у гісторыі Славакіі на вышэйшай пасадзе гэтай дзяржавы.

Характэрна, што Зузана Чапутава адмоўна ставіцца да цяперашняга палітычнага курсу прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Яго яна называе „пагрозай не толькі для Славакіі, але і для ўсёй Еўропы”.

Асноўныя супернікі Чапутавай – Мараш Шэўчавіч, віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай камісіі, якога падтрымлівае кіроўная партыя Smer (Кірунак) на чале з яе старшынём, былым прэм’ерам Робертам Фіца, а таксама незалежны кандыдат, суддзя Вышэйшага суду Штэфан Гарабін

Гарабін выступае супраць сяброўства Славакіі ў Еўразвязе і НАТО і непрыхавана дэманструе прарасейскія погляды, хвалячы Уладзіміра Пуціна.

Афіцыйныя вынікі першага туру выбараў пятага ў гсторыі прэзідэнта Славакіі абвесцяць у нядзелю, 17 сакавіка.

Беларускае Радыё Рацыя