Прэзідэнцкія і парламенцкія выбары: ці ёсць адрозненні?



Кіраўнік Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін распавядае пра тое, ці будуць парламенцкія выбары адрознівацца ад прэзідэнцкіх.

03D60D0E-ECCD-4DC9-A366-0021AA8E25F8_w987_r1_s

Сяргей Калякін: Вялікіх адрозненняў я не бачу.  Выбарчыя працэдуры істотна не зменяцца, а калі і пакажуць нейкія змены, то гэта ўсё касметычна. Хіба каму-небудзь важна, з якога боку стала будуць стаяць сябры камісій? Сутнасць жа праблемы не змяняецца. Адной з галоўных і прынцыповых працэдур выбараў з’яўляецца празрысты падлік галасоў. Каб можна было бачыць усім удзельнікам працэса, за каго на самой справе прагаласавалі людзі. Пра гэта ўжо казалі тысячы разоў, але тут усё застаецца па-старому. Я ўпэўнены, што і зараз ніякай празрыстасці не будзе.

РР: Магчыма, нешта зменіцца ў агульнай атмасферы правядзення выбараў?

Сяргей Калякін: Агульная атмасфера – гэта паняцце абстрактнае, а не канкрэтнае. Улады стараюцца стварыць быццам бы дэмакратычную атмасферу выбараў не ў першы раз, але ж прынцыповыя прапановы па змене Выбарчага заканадаўства, якія БДІПЧ АБСЕ зрабіў яшчэ ў 2012 годзе, не рэалізаваны. І зараз падчас фармавання ўчастковых камісій улады яшчэ раз паказалі, што не збіраюцца прымаць ніякія прапановы.

РР: Але ёсць варыянт, што Еўропа можа прызнаць гэтыя парламенцкія выбары?

Сяргей Калякін: Такі варыянт не выключаецца, бо тут пытанне палітычнага кшталту. Але ў такім выпадку гэта будзе не вельмі добры сігнал пра захаванне еўрапейскімі структурамі сваіх жа стандартаў, правіл і прынцыпаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org