Прэзідэнты Літвы і Украіны размаўлялі пра беларускую АЭС



Падчас сустрэчы ў Вільні прэзідэнтаў Літвы і Украіны ўздымалася тэма будаўніцтва Беларускай АЭС. Літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа заявіў, што «культура будаўніцтва на гэтай станцыі, ну, зусім нездавальняючая, гэта мякка кажучы». Ён нагадаў, што не толькі яго краіна, але і ЕЗ заклапочаныя бяспекай станцыі. Пры гэтым Наўседа сцвярджаў, што не імкнуўся пераканаць Украіну не купляць беларускую электраэнергію, проста выклаў пазіцыю Літвы, інфармуе Delfi.

Уладзімір Зяленскі заявіў, што «пачуў гэты сігнал». Ён збіраецца абмеркаваць пытанне з украінскім міністрам энергетыкі. «Усё, што для вас важна і што датычыць пытанняў бяспекі, важна і для ўкраінцаў», – сказаў у Вільні прэзідэнт Украіны. У той жа час Зяленскі падкрэсліў, што электраэнергія з Беларусі – гэта адзін са спосабаў барацьбы з энергетычнымі манапалістамі ва Украіне.

Як вядома, улады Літвы ўжо амаль чатыры гады спрабуюць пераканаць краіны ЕЗ далучыцца да эмбарга беларускай электрычнасці. Аднак іншыя краіны той жа Балтыі Вільню не падтрымалі. Улады Беларусі заяўляюць, што пры будаўніцтве АЭС выконваюцца ўсе неабходныя патрабаванні бяспекі. Першы энергаблок будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў наступным годзе.

Беларускае Радыё Рацыя паводле Delfi

 

[manual_related_posts]