Прыезд Таццяны Караткевіч выклікаў цікавасць у гамельчукоў
Прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Таццяна Караткевіч завітала ў Гомель. На пікеце ля фабрыкі „Камінтэрн” адразу ўтварылася група грамадзянаў з 20-30 чалавек, каб паслухаць палітыка. Пасля камунікацыі з Таццянай Караткевіч людзі ішлі ставіць свае подпісы за вылучэнне яе ў кандыдаты. Намеснік кіраўніка выбарчага штаба Таццяны Караткевіч Ігар Лялькоў заўважае, што ў грамадстве існуе вялікі попыт на новых лідараў.
– Усё што можна было пачуць ад Лукашэнкі, пачута за апошнія 20 гадоў. І людзі проста цікавяцца поглядамі, па самых розных пытаннях, альтэрнатыўнага кандыдата, новага чалавека – гэта для іх цікава. А пытанні самыя розныя, пачынаючы ад будучыні завода “Гомсельмаш” і сканчваючы сітуацыяй у нашых папраўчых калоніях. Напрыклад, у Гомелі пыталіся пра ўмовы, у якіх адбываюць пакаранне вязні.
Пасля наведання Гомеля Таццяна Караткевіч працягне паездкі ў Добрушы, Рэчыцы і Светлагорску.
Беларускае Радыё Рацыя
