Прыхільнікі Бабарыкі сабраліся выставіць на выбары 100 тысяч назіральнікаў



У ініцыятыве пад лозунгам «Проведём выборы по чесноку» (што на слэнгу значыць «па-справядліваму») заклікаюць падаваць заяўкі на сайце кампаніі, каб патэнцыйных назіральнікаў змаглі праінструктаваць і скаардынаваць.

«Нас пазбавілі права ўдзельнічаць у сумленным падліку галасоў, нам даюць зразумець, што на ўчастках нас не хочуць бачыць: «Краіна для жыцця» ў разуменні чыноўнікаў не прадугледжвае ўдзел грамадзян у прыняцці важных для яе рашэнняў, – піша кампанія. – Ёсць легальная магчымасць прысутнічаць на выбарчых участках увесь час іх працы і даць зразумець чальцам камісіі, што нам не ўсё адно, што адбываецца з нашымі галасамі».

Раней 2192 сябры ініцыятывы «Честные люди» падавалі заявы на ўключэнне ва ўчастковыя камісіі. Але ў камісіі ўключылі толькі 12 чалавек. На гэты момант у краіне зарэгістравалі 33 тысячы назіральнікаў за выбарамі, каля 80 працэнтаў з іх – прадстаўнікі праўладных грамадскіх аб’яднанняў.

Беларускае Радыё Рацыя