Прыхільнікі інтэграцыі з Расіяй просяць дазвол на свой мітынг



Прыхільнікі інтэграцыі з Расеяй звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай дазволіць правесці мітынг 20 снежня ў тым жа месцы, дзе збіраюцца правесці сваю акцыю праціўнікі інтэграцыі. Пра гэта паведаміў БелаПАН экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Драко.

Зварот у Адміністрацыю прэзідэнта быў перададзены 11 снежня. Паводле слоў Драко, ён не падаваў заяўку на правядзенне мерапрыемства ў Мінгарвыканкам, паколькі скончыўся ўстаноўлены для гэтага тэрмін.

Зварот падпісалі кіраўнікі левапатрыятычных сіл Беларусі, якія ўтварылі каардынацыйны савет „Адзінства”: старшыня Рэспубліканскага савета грамадскага аб’яднання „За дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасць” Валерый Драко і старшыня Рэспубліканскага грамадскага камітэта патрыятычнага грамадскага аб’яднання „Айчына” Васіль Зелікаў.

Драко згадаў пра несанкцыянаваныя акцыі, праведзеныя праціўнікамі інтэграцыі 7—8 снежня. „Мы не маглі не адрэагаваць на гэта. Калі быў адзін мітынг „Мы ў Еўропу”, то другі [павінен быць] „Мы ў Расію”, — сказаў ён.

Паводле слоў Драко, у выпадку адмовы несанкцыянаваны мітынг праводзіцца не будзе. „Мы законапаслухмяныя, у нас няма грошай, таму ісці на ражон мы не можам. Але задачу мы агучылі”, — заявіў экс-дэпутат.

Каля тысячы чалавек 7 і 8 снежня ў Менску ўзялі ўдзел у акцыях супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй. У гэтыя дні былі праведзены шэсці і мітынгі з удзелам прадстаўнікоў апазіцыі. Сілавікі папярэджвалі ўдзельнікаў аб незаконнасці акцыі. 13 снежня дэманстрантаў пачалі выклікаць у міліцыю.

belapan.by