ПЦ „Вясна” прадставіў вынік маніторынгу месцаў зняволення



Пенітэнцыярная сістэма ў Беларусі застаецца вельмі кансерватыўнай, зачыненай і гэта падштурхоўвае яе супрацоўнікаў да парушэнняў правоў зняволеных, – лічыць старшыня Праваабарончага цэнтру „Вясна” Алесь Бяляцкі. Пра гэта ён сказаў на прэзентацыі справаздчы Праваабарончага цэнтру „Вясна” “Аб выніках маніторынгу месцаў зняволення”, якое адбылося ў Менску.

Абмежаваная інфармацыя з калоній, следчых ізалятараў і іншых установаў даходзіць праз працяглы час, як кажуць, з „трэціх рук” ці дзякуючы сваякам зняволеных, – распавёў Алесь Бяляцкі:

– Мы вельмі хацелі б, каб сістэма пачала раскрывацца і каб яна была больш празрыстай. Таму што рэальна, і я гэта на сваёй скуры адчуў, адміністрацыя калоній баіцца, каб хоць нейкая інфармацыя выходзіла за сцены турмы. За гэта проста караюць людзей, за элементарныя рэчы, за тое, на што яны маюць права. Хоць правы зняволеных вельмі абмежаваныя, там ёсць толькі абавязкі, а не правы.

Таму праблема грамадскага кантролю над месцамі зняволення стаіць вельмі востра. Улады робяць вялікія перашкоды для таго, каб прадстаўнікі грамадскасці мелі доступ да месцаў зняволення, але ў намаганнях дабіцца гэтага праваабаронцы спыняцца не будуць,- запэўніў Алесь Бяляцкі.

Па словах юрыста гэтага цэнтру Паўла Сапелкі, які каардынаваў гэтую працу, маніторынг накіраваны на абарону правоў зняволеных, якіх у Беларусі зараз больш за 35 тысяч. Іх колькасць у апошнія годы павялічваецца. У той жа час пенітэнцыярныя ўстановы паступова зачыняюцца. І гэта выклікае пэўную занепакоенасць, таму што ўмовы ўтрымання зняволеных пагаршаюцца і не адпавядаюць і беларускім нарматыўным актам, і міжнародным абавязацельствам краіны ў галіне абароны правоў чалавека.

– Не толькі гэтыя 35 тысяч знаходзяцца ў зняволенні. 6 700 чалавек знаходзяцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях, а гэта па-сутнасці пазбаўленне волі. Крыху больш за 3 тысячы чалавек праходзяць праз арыштныя дамы. Амаль 42 тысячы адміністрацыйна арыштаваных, якія таксама праходзяць праз месцы пазбаўлення волі. Больш за 7 тысяч чалавек утрымліваюцца ў папраўчых установах адкрытага тыпу.

Найбольш часта парушаюцца палітычныя правы зняволеных. Яны, напрыклад,  фактычна пазбаўлены выбарчых правоў. У месцах зняволення не да канца створаны ўмовы для бяспечнага ўтрымання асобных катэгорыяў зняволеных. Парушаюцца правы на скаргі, перапіску, сустрэчы з адвакатамі, медыцынскае абслугоўванне, – яно знаходзіцца на вельмі нізкам узроўні, – распавёў Павел Сапелка.

Па  словах праваабаронцы, пераадолець гэтыя парушэнні можна, калі ўсталяваць сур’ёзны грамадскі кантроль над месцамі зняволення.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота spring96.org