Пуцін анансаваў перамовы з Лукашэнкам па пытаннях інтэграцыі



Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін паведаміў, што 18 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу правядзе перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам і абмяркуе развіццё цесных інтэграцыйных сувязей Расейскай Федэрацыі і Беларусі.

„Сёлета праводзяцца шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя дваццацігоддзю Саюзнай дзяржавы, і мы настроеныя на далейшае развіццё цесных інтэграцыйных сувязей з беларускімі партнёрамі. Гэтая тэматыка будзе абмяркоўвацца падчас перамоў з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, якія запланаваныя ў прывязцы да шостага пасяджэння форуму рэгіёнаў дзвюх краін 18 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу”, — прыводзіць сайт Крамля словы Пуціна на цырымоніі ўручэння яму даверчых грамат у Крамлі, у якой узяў удзел і пасол Беларусі Уладзімір Сямашка.

Пуцін адзначыў, што Беларусь з’яўляецца найбліжэйшым саюзнікам Расеі. „Карыстаючыся выпадкам, хацеў бы яшчэ раз павіншаваць беларускі народ і кіраўніцтва рэспублікі з дзяржаўным святам — Днём Незалежнасці”, — дадаў прэзідэнт РФ.

Кіраўнікі Расеі і Беларусі бачыліся днямі — Лукашэнка і Пуцін нефармальна сустрэліся 30 чэрвеня ў Менску, куды расейскі прэзідэнт прыбыў для ўдзелу ў цырымоніі закрыцця II Еўрапейскіх гульняў.

У канцы 2018 года расейскі бок ініцыяваў тэму больш цеснай інтэграцыі Расеі і Беларусі ў Саюзнай дзяржаве. У снежні Лукашэнка і Пуцін двойчы сустракаліся ў Маскве. Яны дамовіліся аб стварэнні рабочых груп „для вырашэння пытанняў у межах далейшай інтэграцыі дзвюх краін”.

21 чэрвеня прэм’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў правёў у Менску перамовы з беларускім калегам Сяргеем Румасам. „Перамовы прайшлі добра. Мы разумеем адзін аднаго, чуем адзін аднаго, і абсалютна шчыра, не для таго каб выканаць дыпламатычны этыкет, скажу, што мы нарэшце па інтэграцыйнай тэматыцы гаворым на адной мове”, — сказаў Мядзведзеў паводле іх вынікаў.

Сустрэўшыся затым з Лукашэнкам, расійскі прэм’ер заявіў, што самыя складаныя пытанні інтэграцыйнага парадку дня пакінутыя прэзідэнтам.