Пуцін: Падстаў для дзяржаўнага аб’яднання Расеі і Беларусі сёння няма



Падстаў і планаў для дзяржаўнага аб’яднання Беларусі і Расеі сёння няма, заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін 7 чэрвеня на пленарнай сесіі Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму.

„Па маім глыбокім перакананні, мы ўсё ж такі адзіны народ, але так склалася, што мы жывём у розных краінах. Сёння няма ніякіх падстаў для дзяржаўнага аб’яднання, у нас няма такіх планаў, мэтаў няма”, — прыводзіць словы Пуціна РБК.

Прэзідэнт Расеі таксама адзначыў, што многае з дагавора аб Саюзнай дзяржаве да гэтага часу не зроблена. Паводле яго слоў, яны абмяркоўвалі з Аляксандрам Лукашэнкам, ці могуць Расея і Беларусь „у новых умовах сённяшняга дня нешта выканаць з таго, што не зроблена” або дадаць новыя актуальныя пытанні.

Такім чынам Пуцін пракаментаваў чуткі аб магчымым аб’яднанні Расеі і Беларусі да даты заканчэння паўнамоцтваў прэзідэнта РФ у 2024 годзе.

Тэму больш цеснай інтэграцыі Расеі і Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы ініцыяваў у канцы 2018 года расейскі бок. У снежні Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін двойчы сустракаліся ў Маскве. Яны дамовіліся аб стварэнні рабочых груп „для вырашэння пытанняў у рамках далейшай інтэграцыі дзвюх краін”.

21 сакавіка агенцтва Bloomberg са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміла, што ў Адміністрацыі прэзідэнта Расеі разглядаюць розныя варыянты, якія дазволяць Пуціну заставацца ва ўладзе як мага даўжэй.

Адзін са сцэнарыяў прадугледжвае „стварэнне новай дзяржавы шляхам аб’яднання з Беларуссю”. У гэтым выпадку Пуцін узначаліць новую дзяржаву, што дазволіць яму абысці канстытуцыйныя абмежаванні па колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў, адзначалася ў артыкуле.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў, каментуючы публікацыю Bloomberg, назваў яе „вольнымі практыкаваннямі, якія не маюць ніякага дачынення да таго, што абмяркоўваецца ў Крамлі”.

22 сакавіка міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей паведаміў, што ад расейскага боку атрыманы дакументы з прапановамі аб далейшай інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы.

„Падчас сустрэч нашых кіраўнікоў абмяркоўваліся розныя пытанні, звязаныя з нашымі ўзаемаадносінамі, былі перададзеныя адпаведныя матэрыялы, над гэтымі матэрыяламі беларускі бок цяпер працуе. Там ёсць прапановы адносна далейшага паглыблення інтэграцыі”, — сказаў Макей. Ён не стаў раскрываць, якія менавіта прапановы паступілі.

Паводле слоў Макея, пытанне аб тым, што прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін пасля 2024 года можа ўзначаліць аб’яднаную дзяржаву Беларусі і Расіі, закраналася на двухбаковых сустрэчах рабочай групы па дагаворы аб Саюзнай дзяржаве, але толькі „часам мімаходзь” і „толькі ў кантэксце тых інсінуацый, якія часам з’яўляюцца ў розных СМІ”.

Кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў 7 чэрвеня заявіў, што „ў Саюзным дагаворы няма нічога, што магло б падвесці да спекуляцый аб тым, што яго мэта — вывесці кагосьці на „прэзідэнцкі трон”.

24 мая ў падмаскоўных Горках адбыліся перамовы прэм’ер-міністраў Дзмітрыя Мядзведзева і Сяргея Румаса. Перад рабочымі групамі была пастаўлена задача выразна пазначыць адрозненні ў пазіцыях Беларусі і Расіі па інтэграцыі.

Прэм’ер-міністры таксама дамовіліся правесці наступную сустрэчу ў Мінску падчас II Еўрапейскіх гульняў (21—30 чэрвеня). У ходзе гэтых перамоў будзе абмяркоўвацца абноўленая праграма дзеянняў па інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве.

belapan.by

Фота kremlin.ru