Пуцін: пазіцыя Еўропы па выбарах у Беларусі была падрыхтаваная загаддзя



Расея прызнала легітымнасьць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, нагадаўшы, што павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогай.

«Мы зыходзім з таго, што выбары адбыліся. Я адразу гэта зрабіў. Мы прызналі іх легітымнасьць. Я павіншаваў Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку з перамогай на гэтых выбарах», — сказаў Пуцін у інтэрв’ю тэлеканалу «Расія-1» (ВГТРК).

Пуцін выказаўся таксама пра БДІПЧ АБСЕ.

«Беларускія ўлады запрасілі БДІПЧ АБСЕ прыняць удзел у кантролі над выбарамі. Што ж яны не прыехалі? І гэта адразу нас наводзіць на думку аб тым, што ўжо была, уласна кажучы, нарыхтаваная пазіцыя па выніках гэтых выбараў. Таму хтосьці можа сумнявацца ў выніках, але ў мяне ёсць усе падставы сумнявацца ў тым, што тыя, хто сумняюцца, былі абсалютна сумленныя», — сказаў Пуцін у інтэрв’ю тэлеканалу «Расія-1» (ВГТРК).

Гаворачы аб тэме выбараў у Беларусі, Пуцін адзначыў, што ў свеце наогул не існуе „нічога ідэальнага”.

«Ні ў палітыцы, ні ў эканоміцы, ні ў сацыяльнай сферы – дзе заўгодна. Нават у прыродзе няма нічога ідэальнага, хоць гэта найбольш дасканалая, Богам створаная сфера», – сказаў Пуцін.

interfax.by