Пуцін праверыць якасць беларускай прадукцыі



Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін даручыў ураду праверыць якасць прадукцыі шэрагу беларускіх прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу, „у дачыненні да якіх узніклі нейкія сумненні”. Пра гэта кіраўнік расейскай дзяржавы заявіў журналістам паводле вынікаў перамоў з Аляксандрам Лукашэнкам 3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу.

„Шмат казалі аб супрацоўніцтве ў сферы сельскай гаспадаркі. Я прасіў урад Расейскай Федэрацыі, каб на гэтым тыдні нашы спецыялісты выехалі ў Беларусь і папрацавалі там з калегамі на адпаведных прадпрыемствах, у дачыненні да якіх паўсталі нейкія сумненні з пункта гледжання захавання нашых фітасанітарных нормаў”, — заявіў Пуцін падчас брыфінгу.

„Думаю, што ўсё гэта тыя пытанні, якія вырашаюцца падчас практычнай сумеснай працы ў тым духу, які склаўся паміж нашымі краінамі на працягу ўжо многіх гадоў пасля падпісання дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы”, — дадаў ён.

Паводле слоў Пуціна, падчас перамоў дастаткова шмат часу было нададзена пытанням узаемаадносін у сферы фінансаў, у канкрэтных галінах эканомікі, у высокатэхналагічных сферах — „скончылі магчымым пашырэннем нашай сумеснай працы ў космасе”.

Лукашэнка таксама адзначыў, што падчас перамоў шмат часу было нададзена аграрным пытанням. „Мы доўга абмяркоўвалі аграрную праблему, але дамовіліся аб тым, што яна ў нас на парадку дня Вышэйшага дзяржаўнага савета, гэтак жа як і пытанне аб прамысловай палітыцы, і мы найбліжэйшым часам узгоднім тэрміны і прымем рашэнне па гэтых пытаннях і іншых ужо на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Як паведамлялася, раней Рассельгаснагляд усумніўся ў якасці прадукцыі шэрагу беларускіх прадпрыемстваў АПК, былі ўведзеныя абмежаванні на пастаўку прадукцыі ў Расею.

3 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ ў Менску Аляксандр Лукашэнка даручыў разгледзець пытанне пра пачатак крымінальнай справы ў дачыненні да кіраўніка Рассельгаснагляда Сяргея Данкверта за нанясенне шкоды Беларусі.

У адказ Данкверт рэкамендаваў навесці парадак на беларускіх прадпрыемствах. Акрамя таго, 6 лютага Расея абмежавала пастаўкі ялавічыны і ялавічных субпрадуктаў з Менскай вобласці.

7 лютага МУС Беларусі паведаміла пра пачатак даследчых праверак у дачыненні да шэрагу службовых асобаў Рассельгаснагляда.

У канцы сакавіка Данкверт ў пісьмовай форме праз Генпракуратуру РФ адказаў на пытанні беларускіх праваахоўнікаў, падрабязна растлумачыўшы прычыны забароны на ўвоз мясной і малочнай прадукцыі з шэрагу прадпрыемстваў Беларусі.

3 красавіка генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк паведаміў журналістам, што МУС Беларусі працягвае даследчую праверку ў дачыненні да кіраўніка Рассельгаснагляда і чыноўнікаў ведамства. Паводле слоў Канюка, сваімі дзеяннямі чыноўнікі Рассельгаснагляда нанеслі шкоду Беларусі. „Шкоду нанёс і асабіста Данкверт”, — сказаў Канюк.

belapan.by