Пяскоў: Несправакаваная жорсткасць у дачыненні да пратэстоўцаў у Беларусі недапушчальная



 Несправакаваная жорсткасць у дачыненні да пратэстоўцаў у Беларусі непажаданая і недапушчальная, заявіў 17 лістапада на брыфінгу прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.

„Безумоўна, і пра гэта, уласна, казаў сам прэзідэнт Лукашэнка, што жорсткасць, якая не справакаваная якімі-небудзь дзеяннямі з боку пратэстоўцаў, вядома, гэтая жорсткасць непажаданая і недапушчальная. Але нельга абстрагавацца і ад фактаў правакацыі ў дачыненні да праваахоўнікаў. Такія таксама маюць месца”, — сказаў Пяскоў, адказваючы на пытанне карэспандэнта радыёстанцыі „Эхо Москвы”.

„Мы, безумоўна, вельмі ўважліва сочым за тым, што адбываецца ў Беларусі, гэта саюзная нам дзяржава і наш братэрскі народ, Беларусь. Мы, вядома, хацелі б бачыць нашу Беларусь спакойнай, стабільнай і росквітнай, і мы спадзяемся, што так яно і будзе. І свабоднай ад усякага ўплыву звонку”, — падсумаваў ён.

Раней прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін не выключыў, што ў Беларусі сілавікі ўжылі „неапраўданую жорсткасць” пры задушэнні пратэстаў.

„Але тое, што адбывалася ў Беларусі, выгадна адрозніваецца ад таго, што адбывалася на вуліцах некаторых буйных гарадоў развітых дэмакратый. Так, і жорсткасць была, а можа быць, нават неапраўданая. Ну, тады няхай адкажуць тыя, хто гэта дапусціў. Але ў цэлым, калі параўноўваць і паглядзець на выявы, ва ўсякім выпадку бяззбройнаму чалавеку ў спіну ніхто не страляў з баявой зброі. Вось я пра што. Таму спакойненька з гэтым трэба разбірацца”, — выказаўся Пуцін пра сітуацыю ў Беларусі, выступаючы на сустрэчы клуба „Валдай” 22 кастрычніка.

belapan.by