Пяскоў пацвердзіў запланаваныя двухбаковыя перамовы Пуціна і Лукашэнкі



Прэзідэнты Расеі і Беларусі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка 30 чэрвеня ў межах мерапрыемстваў па адкрыцці Ржэўскага мемарыяла Савецкаму салдату правядуць двухбаковую сустрэчу, паведаміў прэс-сакратар кіраўніка расейскай дзяржавы Дзмітрый Пяскоў.

Ён станоўча адказаў на пытанне РИА Новости, ці адбудуцца заўтра перамовы двух лідараў.

„Пацвярджаем”, — сказаў суразмоўца расейскага агенцтва.

Прэс-служба прэзідэнта Расеі на сайце Крамля таксама паведаміла, што Пуцін і Лукашэнка возьмуць удзел у адкрыцці Ржэўскага мемарыяла.

Лукашэнка 26 чэрвеня паведаміў, што плануе наведаць гэтае мерапрыемства. „У аўторак на наступным тыдні. Мы выбіраем час, як паехаць. Шукаем момант, каб паехаць і абмеркаваць [з прэзідэнтам Расеі] там жа некаторыя пытанні нашага далейшага супрацоўніцтва”, — сказаў ён падчас размовы з працоўным калектывам прадпрыемства „Белкалій-Мігаа”.

За дзень да гэтага Лукашэнка заявіў пра замежнае ўмяшанне ў кампанію па выбарах прэзідэнта Беларусі. „Яны што, нас штурхаюць на несумленнасць такую, як яны сябе паводзяць? Ясна, што там за імі лялькаводы стаяць. Яны і з аднаго, і з другога боку. І ў Польшчы жывуць, і з Расеі падкідваюць. Мы пра гэта з прэзідэнтам Пуціным пагаворым найбліжэйшым часам пры сустрэчы, але гэтая сітуацыя вельмі складаная. Прымяняюцца самыя сучасныя фальшывыя тэхналогіі, ідзе ўмяшанне з-за мяжы ў нашы выбары, унутраныя справы”, — сказаў ён падчас прыняцця кадравых рашэнняў.

29 чэрвеня Пуцін абмеркаваў з пастаяннымі членамі Савета бяспекі РФ інтэграцыйныя працэсы на постсавецкай прасторы. Падрабязнасцяў нарады прэс-служба Крамля не паведамляе.

belapan.by