Пётр Мюллер: Мае месца гібрыдная атака з боку Беларусі і Расеі



„Мае месца гібрыдная атака з боку Беларусі і Расеі”, – канстатаваў прэс-сакратар польскага ўраду Пётр Мюллер па выніках пасяджэння Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы.

Ён дадаў, што пад увагу бяруцца розныя сцэнары развіцця падзей, у тым ліку і вайсковы:

– Бяром пад увагу ўсе варыянты, хоць спадзяёмся, што вайсковы варыянт з боку Беларусі не будзе брацца пад увагу, але таксама дапускаем такую магчымасць. Мы бачылі сцэнары, калі ідзе пра дзеянні Расеі ў Грузіі, Крыме ці на Данбасе. Мы павінны браць гэта пад увагу.

Пётр Мюллер агучыў меркаванне ўладаў Польшчы, што крызіс на мяжы можа зацягнуцца:

Мы гатовыя на тое, што гэтая гібрыдная атака будзе працягвацца на працягу многіх месяцаў, таксама на працягу складанага зімовага перыяду. У сувязі з гэтым асабліва важна запэўніць лагістычныя ўмовы для польскіх жаўнераў і супрацоўнікаў. Гэты ўмовы ствараюцца, беручы пад увагу зімовы сцэнарый. Войска, памежнікі і паліцыя адпаведна забяспечваюцца.

Падчас прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы таксама было агучана, што з саюзнікамі з NATO надалей разглядаецца магчымасць выкарыстання артыкула 4 паўночна-атлантычнай дамовы. Паводле гэтага артыкулу, дзяржавы NATO збіраюцца на пільныя кансультацыі, калі бяспека аднаго з саюзнікаў знаходзіцца пад пагрозай.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя