Рада БНР выступіла з заявай наконт размяшчэння расейскіх войскаў у Беларусі



Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з заявай наконт размяшчэння расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі.

У сваёй заяве Рада БНР канстатуе, што “уваход на тэрыторыю Беларусі расейскіх вайсковых фарміраванняў, іх размяшчэнне на мяжы з Украінай і гатоўнасць Лукашэнкі падтрымаць агрэсіўныя авантурныя планы Пуціна ствараюць пагрозу як для беларускага народа, гэтак і для еўрапейскай бяспекі”.

“Упершыню ў гісторыі Беларусь успрымаецца ў свеце ў якасці патэнцыйнага агрэсара”.

Рада БНР нагадвае, што “Лукашэнка не з’яўляецца легітымна абраным кіраўніком дзяржавы, на ягоным сумленні — смерці мірных людзей, тысячы палітычных вязняў, ён не мае ніякага ні юрыдычнага, ні маральнага права прымаць якія б тое ні было дзяржаўныя рашэнні і распараджацца жыццямі людзей”.

У сваёй заяве Рада БНР адзначае, што “расейскія войскі мусяць быць неадкладна выведзеныя з тэрыторыі Беларусі. У краіне павінны адбыцца свабодныя выбары пад міжнародным назіраннем”.

Таксама Рада БНР адзначае, што разлічвае на падтрымку ад краінаў Еўразвязу, ад Злучаных Штатаў Амерыкі і Канады.

[manual_related_posts]