Раман Бяссмертны: Я неўязны ў Беларусь



Былы ўкраінскі пасол у Менску Раман Бяссмертны, які вярнуўся ў трохбаковую кантактную групу (ТКГ) па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе і 17 ліпеня ўзяў удзел у яе чарговым пасяджэнні, з’яўляецца неўязным у Беларусь. Пра гэта ён паведаміў у інтэрв’ю парталу LB.ua.

Бяссмертны апісаў сваю сітуацыю, распавядаючы аб праблемах, з якімі сутыкаюцца члены ТКГ ад Кіева. „Людзям патрэбныя дыпламатычныя пашпарты. Я, напрыклад, неўязны ў Беларусь — і тое, што беларусы прапусцілі мяне на пасяджэнне ТКГ, — гэта толькі Госпаду Богу і людзям вядома, якія гэта забяспечвалі, колькі было прыкладзена намаганняў”, — зазначыў дыпламат.

„Іншы аспект, — працягнуў Бяссмертны. — Мы ўсе ў Беларусь заедзем, але не ўсе можам адтуль вярнуцца. Вось я вёз чамадан, дзе быў камп’ютар з інфармацыяй закрытага тыпу, дакументы на папяровых носьбітах для службовага карыстання, з тэхнічным заданнем, тактыкай вядзення перамоўнага працэсу. На аснове гэтых нявінных дакументаў пры жаданні можна зрабіць такую „бомбу”, што я потым дадому не вярнуся”.

Бяссмертны быў паслом у Беларусі ў 2010—2011 гадах. Працаваў у палітычнай падгрупе ТКГ у Менску ў 2015—2016 гадах, з якой выйшаў па ўласным жаданні. Сёлета ў пачатку ліпеня вярнуўся туды на падставе ўказа новага прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

Дыпламат неаднаразова рэзка выказваўся на адрас беларускіх уладаў. Да прыкладу, у лютым 2019 года ён заявіў у інтэрв’ю Газета.ua, што, „пакуль Лукашэнка правадыр Беларусі — гэта дзірка ў еўрапейскай бяспецы”. „Беларус — гэта еўрапеец. Беларусь на чале з Лукашэнкам — гэта праблема”, — сказаў Бяссмертны. Украіна, лічыць ён, не павінна рабіць адрозненне паміж небяспекай з усходу і патэнцыйнай небяспекай з поўначы.

Наступнае пасяджэнне ТКГ прызначанае 31 ліпеня.

belapan.by