Раман Якаўлеўскі: Гэты візіт рыхтуе прыезд у Польшчу Лукашэнкі



Стасункі Польшчы і Беларусі відавочна актывізаваліся і не выключана, што хутка і сам Аляксандр Лукашэнка прыбудзе з візітам у Польшчу. Такую магчымасць, каментуючы прыезд беларускай дэлегацыі на чале з Міхаілам Мясніковічам у Польшчу, не выключыў міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

– Вельмі важны візіт. Адной з мэтаў візіту, відавочна, будзе зандаж магчымага візіту Лукашэнкі ў Польшчу 1 верасня. А гэта 80 гадоў Вэстэрплатэ. Відавочна, як без Беларусі. Пачатак Другой сусветнай вайны, якая так на лёсе Беларусі адбілася. Выглядае так, што падставаў адмовіць няма, і як некаторыя жартуюць, у Лукашэнкі тады будзе магчымасць наведаць не толькі Аўшвіц, але і Вэстэрплатэ.

Як чакаецца, сёння беларуская дэлегацыя прыбывае ў Беласток, дзе  наведае медыцынскі ўніверсітэт. У рамках гэтага візіту запланаваная сустрэча з рэктарам, прафесарам Адамам Крентэўскім. 

Таксама запланаваная сустрэча з Падляшскім ваяводам Багданам Пашкоўскім і маршалкам Падляшскага ваяводства Артурам Касіцкім.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя