Раман Якаўлеўскі: Ёсць рэчы, якія за беларусаў ніхто не зробіць



Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што не будзе кіраваць краінай пасля прыняцця новай Канстытуцыі.

Такую заяву ён зрабіў пасля нядаўняга візіту кіраўніка расейскага МЗС Сяргея Лаўрова. Апошні заявіў, што Масква падтрымае канстытуцыйную рэформу ў Беларусі. Сітуацыю ацаніў палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

– Візіт Лаўрова канчаткова, я лічу, паставіў кропку ў надзеях тых, хто спадзяваўся на здаровыя мазгі Крамля, што нейкія варыянты з Лукашэнкам могуць зрабіць. На жаль, гэтага не адбылося. Па-ранейшаму, Пуціна больш непакоіць, каб вуліца не прывяла да ўлады народнага прэзідэнта.

На думку палітычнага аглядальніка, далейшы лёс Беларусі будзе залежыць ад таго, ці працягнуцца пратэсты ў краіне. Асобную заклапочанасць выклікаюць умовы сочынскіх дамоўленасцяў паміж Лукашэнкам і Пуціным, якія дагэтуль невядомы для шырокай грамадскасці.

Беларускае Радыё Рацыя