Рамашэўска-Гузы: “Закрыццё „Белсата” маглі інспіраваць з Масквы”



Неафіцыйныя крыніцы паведамляюць, што польскі ўрад прыняў рашэнне пра змяншэнне фінансавання тэлеканала „Белсат” на 2017 год на 2/3, у параўнанні з 2016 годам. І гэта пры тым, што Камісія замежных справаў Сейму рэкамендуе павялічыць фінансаванне для незалежных беларускіх медыяў. Больш таго, неафіцыйныя крыніцы сцвярджаюць, што кіраўніцтва “Белсата” атрымала ўказанні перавесці адзіны ў свеце беларускамоўны тэлеканал на расейскую мову. Мы папрасілі пракаментаваць сітуацыю дырэктар тэлеканала “Белсат” Агнешку Рамашэўску-Гузы.

РР: Спадарыня дырэктар, яшчэ ў чацвер на паседжанні сеймавай Камісіі замежных справаў дэпутаты задэкларавалі, што выступаюць за  павелічэнне фінансавання беларускіх медыяў, узмацненне падтрымкі грамадзянскае супольнасці і беларускіх палякаў. На паседжанні прысутнічаў віцэ-міністр замежных справаў, які з гэтым згадзіўся. Як так адбываецца, што ў Сейме кажуць адно, а потым атрымліваецца іншае?

Агнешка Рамашэўска-Гузы: Скажу шчыра, не магу гэта патлумачыць. Я гэтага не разумею. Я не прымаю рашэнні ў МЗС, таму не ведаю, чаму так сталася, не магу адказаць на гэтае пытанне. Я была пераканана, што адбылося як найлепей, добра, камісія адбылася так, як мы гэтага маглі б хацець. Больш таго, на шчасце пагадзіліся галоўныя партыі – і кіроўная партыя, і абедзьве апазіцыйныя. А вядома, што калі б кіроўная партыя на гэта не згадзілася, то гэтай пастановы не было б. А некалькі гадзінаў пазней з неафіцыйных крыніцаў я даведалася, што Белсату маюць зменшыць фінансаванне, што дэ-факта азначае яго ліквідацыю.

РР: А якія маглі б быць матывацыі для такога рашэння? Каму гэта карысна?

Агнешка Рамашэўска-Гузы: На маю думку, найбольш расейцам. Гэта мая гіпотэза. У той жа ж час ёсць розныя чуткі. Кажуць, што гэта не мае сэнсу, што гэта непатрэбна, што гэта псуе адносіны з Беларуссю, якія маглі б быць вельмі добрымі… Гэта абсалютная няпраўда, што “Белсат” неяк істотна ўплывае на адносіны з Беларуссю. Гэта не так, але розныя чуткі распаўсюджваюцца. Але каму гэта сапраўды патрэбна, то гэта расейцам і г.зв. “рускаму міру”. Гэта найвыгодней ім, таму што мы рэпрэзэнтуем інфармацыйную палітыку Захаду, мы – адзіны тэлеканал, які вяшчае па-беларуску, адзіны ў Беларусі. Ліквідацыя канала азначае, што “рускі мір” будзе мець яшчэ большы ўплыў, а і так мае досыць вялікі.

РР: Вы кажаце, што гэта будзе выгодным для расейцаў. Ці не выключаеце Вы, што ініцыятыва такога рашэння магла быць прыдумана не ў Варшаве і нават не ў Менску, а ў Маскве?

Агнешка Рамашэўска-Гузы: Вядома, інспірацыя, так гэта можна акрэсліць, інспірацыя для такога рашэння магла быць прадумана ў Маскве, думаю, што гэта цалкам магчыма. Бо фактычна, для  Расеі гэтая справа найбольш выгадная. Мы, штопраўда, крытычна ставімся да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, часта яго крытыкуем. Але з іншага боку, запаўняем пэўную нішу, пэўную дзірку, брак. Беларускае тэлебачанне, напрыклад, не мае матэрыялаў, якія б вучылі сапраўднай беларускай гісторыі, няма праграмаў, якія вучаць беларускай мове (як наша “Мова Нанова”). І ў гэтым сэнсе мы запаўняем гэты правал, мы фактычна выконваем важную дзяржаўную ролю. Калі казаць пра Польшчу, то мы з’яўляемся пасламі паляпшэння ўзаемных адносінаў, гарантам таго, што адносіны будуць лепшымі, такім мостам паміж Польшчай і Беларуссю. Таму з пункту гледжання і Польшчы, і Беларусі, мы вельмі карысныя. З чыйго пункту гледжання мы шкодныя? З пункту гледжання “рускага міру”, бо мы нясем спосаб гледжання на свет, каштоўнасці, якія звязаныя з Захадам, а не Масквой. Каштоўнасці, якія звязаныя, напрыклад, з паняццем “свабода”, паняццем “дэмакратыя”, каштоўнасцю чалавечага жыцця, якую “рускі мір” досыць лёгка трактуе. Да таго ж “Белсат” будуе беларускую нацыянальную тоеснасць.  З пункту гледжання “рускага міру” мы вельмі шкодныя. Больш таго, чым больш ёсць розных чутак, што мы можам развіцца, распачаць дадатковую расейскамоўную трансмісію, тым больш мы становімся шкоднымі.

РР: У Беларусі дзейнічае мноства расейскіх тэлеканалаў. І час ад часу з’яўляецца кепская інфармацыя, што, напрыклад, на лета ў Беларусь прыедзе да 30000 расейскіх жаўнераў “на вучэнні”. Ці ў гэтым кантэксце не выпадала б Захаду і Польшчы ў прыватнасці павялічыць фінансаванне для “Белсату”, пашырыць дзейнасць?

Агнешка Рамашэўска-Гузы: Я лічу, што гэта абсалютна відавочна. Трэба павялічыць фінансаванне для незалежных медыяў, у тым ліку для “Белсату”, бо гэта ўнікальнае СМІ, якое надае з Заходняй Еўропы на тэрыторыю былога Савецкага Саюза. Больш таго, можна разлічваць, што ў найбліжэйшыя гады такі кірунак дзейнасці мае быць працягнуты, фінансаваны іншымі краінамі. Пакуль што гэта не зрэалізавана, але відаць, што так будзе. І на маю думку, усё будзе ісці ў гэтым кірунку. Гэта ўласцівыя спосаб мыслення.

РР: Тое, што найбольш шакавала беларусаў, гэта чуткі аб пераходзе “Белсату” на расейскую мову. Шмат негатыўных рэакцыяў ад беларусаў, што, нас цяпер і з польскага боку будуць русіфікоўваць? Што гэта такое? Гэта нейкае непаразуменне?

Агнешка Рамашэўска-Гузы: Я лічу, што рабіць “Белсат” па-расейску – гэта суцэльнае непаразуменне. Каб з Польшчы на Беларусь нехта рабіў тэлебачанне па-расейску! Гэта трэба добра ўдарыцца галавой, вельмі дзіўная ідэя. Тым больш, што русіфікацыі ў Беларусі ўжо хапае! Там хапае свае русіфікацыі, мы з Польшчы не павінны нечага даваць. Ведаю, што чыноўнікі МЗС глядзяць на мяне як на белую варону, на чалавека, які не ведае, што адбываецца, не разумее, як выглядае свет. Я акурат вельмі добра ведаю, што ў Беларусі ўсе гавораць па-расейску, у мяне няма ніякіх сумненняў, што гэта так, я там было, больш за 10 гадоў займаюся Беларуссю, у мяне шмат сяброў адтуль. Таму я ведаю, як яно ёсць насамрэч. Але адна справа, як яно выглядае штодня, а другая – які ў нас фірмовы знак. А наш фірмовы знак – гэта беларуская мова! Мы не адносімся да гэтага фанатычна, маўляў, нікому не дазволім гаварыць па-расейску, альбо будзем перакладаць кожны расейскі фільм на беларускую мову. Мы так не робім, лічым, што фанатызм – дрэнная з’ява ў любым абсягу. Але беларуская мова акурат азначае, што “Белсат” – гэта не нейкі расейскі канал, якіх дзясяткі, што гэта ўласна беларускі канал.

Тым, каторыя лічаць, што трэба зрабіць інакш, я б параіла паглядзець на вынікі перапісу насельніцтва, і колькі людзей задэкларавала расейскую мову як родную. Адна справа, колькі людзей ёй карыстаецца, а іншая – колькі людзей лічыць яе роднай. Можа яны б падумалі, чаму беларусы не вызнаюць расейскую мову роднай. Таму я лічу, што такія ўказанні могуць вынікаць толькі з глыбокай некампетэнтнасці. 

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Белапан