Рамаз Сакварэлідзэ: У беларуска-грузінскіх стасунках ёсць пэўны сюжэт



Вядомы грузінскі палітолаг Рамаз Сакварэлідзэ распавядае, чаго ў Грузіі чакаюць ад візіту ў краіну Аляксандра Лукашэнкі і на якой стадыі зараз беларуска-грузінскія стасункі.

Першы афіцыйны візіт Лукашэнкі ў Грузію запланаваны на красавік гэтага года.

“У мяне запланаваны афіцыйны візіт у Грузію, – пацвердзіў не так даўно інфармацыю і сам беларускі кіраўнік. – З грузінамі і грузінскім кіраўніцтвам мы прайшлі добры перыяд, але вырашылі сустрэцца і разгледзець нашы адносіны”.

Рамаз Сакварэлідзэ: Калі казаць пра эканамічныя беларуска-грузінскія стасункі, то яны не такія актыўныя, як, скажам, паміж Грузіяй і Турцыяй ці з Расеяй. Але Беларусь для Грузіі заўсёды была ў цэнтры ўвагі. І для гэтага ёсць падставы. Беларусь – адна з галоўных дзяржаў на лініі еўразійскіх кантактаў. У гэтых кантактах Грузія вельмі зацікаўлена, бо таксама з’яўляецца камунікатыўнай краінай паміж двума полюсамі кантынента і выступае за паглыбленне стасункаў з Беларуссю.

РР: У свой час у Беларусі раз-пораз “усплывала” на паверхню пытанне пра прызнанне незалежнасці Абхазіяй і Паўднёвай Асеціі. Наколькі балючыя для Грузіі такія захады беларускіх уладаў і такія інфармацыйныя закіды?

Рамаз Сакварэлідзэ: З-за гэтага ў адносінах паміж краінамі былі складанасці, бо Грузія да гэтага часу лічыць і Абхазію, і Паўднёвую Асецію сваімі рэгіёнамі. Гэта Расея іх называе незалежнымі. Беларускія ўлады на самой справе маніпулявалі гэтым пытаннем, каб дагадзіць Расеі, але затым, як высвятлілася, адклалі яго ў бок. Адбыўся звычайны дэкларатыўны ход. І пасля гэтага, наколькі мне вядома, Лукашэнка наадварот заняў больш жорсткую ў адносінах да Расеі пазіцыю. Адным словам, ёсць пэўныя сюжэты ў беларуска-грузінскіх стасунках.

РР: Чаго ў Грузіі чакаюць ад візіту Лукашэнкі ў краіну?

Рамаз Сакварэлідзэ: Падзея выклікае розныя рэакцыі. Некаторыя лічаць, што беларускі кіраўнік прыедзе з прапановай да Грузіі ўступіць ў Еўразійскі саюз, хоць асабіста я не думаю, што гэта так. Такія прапановы могуць перадаць і на ўзроўні міністраў. Кіраўніку краіны дзеля гэтага не варта ляцець з візітам. На мой погляд, падчас візіту размова найперш пойдзе пра тыя падзеі, якія сёння маюць значэнне для ўсяго свету. У тым ліку і для Беларусі. І гэтыя падзеі – ваенны канфлікт ва Украіне. Але да чаго бакі прыйдуць па выніках сустрэчы – час пакажа.

РР: Беларускія ўлады ва ўкраінскім канфлікце стараюцца займаць нейтральную пазіцыю. А якая пазіцыя Грузіі?

Рамаз Сакварэлідзэ: Прадстаўнікі папярэдняй улады і прыхільнікі Саакашвілі таксама называюць сёняшнюю пазіцыю афіцыйнага Тбілісі нейтральнай. Улада лічыць, што гэта не так, бо на ўзроўні афіцыйных заяваў падтрымлівае і паважае выбар украінскага народа, а ўсё астатняе лічыць сепаратызмам, які мае падтрымку з боку Расеі. Грузіі гэта знаёма. Тое самае адбывалася і ў нас.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота geotimes.ge

[manual_related_posts]