Расеі, хутчэй за ўсё, адмовяць у задавальненні запыту па Мазуру



Кіраўнік украінскага бюро Інтэрпола Васіль Няволя ў каментары выданню „Гордон” заявіў, што інфармацыю пра вышук намесніка кіраўніка ўкраінскай партыі УНА-УНСО Ігара Мазура могуць выдаліць як неадпаведную правілам арганізацыі. Паводле яго слоў, Расея злоўжывае інструментамі Інтэрпола.

Нагадаем, што 9 лістапада польскія памежнікі затрымалі Мазура ў пункце пропуску «Дарагуск» па запыце РФ. У Польшчу ён накіроўваўся па запрашэнні віцэ-спікера Сейма Беаты Мазурэк, сцвярджаюць у УНА-УНСО. У Расеі адшукваюць Мазура ў сувязі з вайной у Чачэніі. Міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў, каментуючы затрыманне Мазура, заявіў, што РФ выкарыстоўвае Інтэрпол для палітычна матываваных пераследаў украінцаў. Віцэ-спікер Сейма Польшчы Малгажата Гасеўска заявіла, што затрыманне Мазура – выключна тэхнічнае выкананне Польшчай міжнародных абавязальніцтваў. Паводле яе слоў, для ўкраінца «дарога ў Расею не адкрыта».

У МУС Украіны паведамілі, што затрымалі Мазура ў Польшчы па цыркулярным паведамленні, а не па чырвонай картцы Інтэрпола, што значыць: пра яго паездку ведалі расейцы.

Міністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч заявіў, што польскія ўлады будуць высвятляць, ці не было злоўжыванняў у пытанні ўнясення ў базу вышуку Інтэрпола дадзеных Мазура.

10 лістапада ўкраінца дапыталі ў пракуратуры, пасля чаго Мазура аддалі на парукі ўкраінскаму консулу ў Любліне Васілю Паўлюку.

Фота mvs.gov.ua

[manual_related_posts]