Расейскі дэпутат публічна заклікаў ўвесці войскі ў Беларусь. МЗС маўчыць



Дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі, старшыня партыі «Радзіма» Аляксей Жураўлёў 19 красавіка ў эфіры праграмы «60 хвілін» на дзяржаўным тэлеканале «Расея-1» заклікаў ўвесці ў Беларусь войскі.

Дэпутат Жураўлёў, выказваючы заклапочанасць інфармацыяй пра нібыта падрыхтоўку замаху на Аляксандра Лукашэнку, запатрабаваў неадкладна ўвесці расейскія войскі ў Беларусь, піша «Беларускі партызан».

«Для амерыканцаў кагосьці забіць — гэта нармальна!» — заявіў ён, дадаўшы, што «за траянскім канём у Беларусі, відавочна, тырчаць амерыканскія вушы».

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь, які таксама прысутнічаў на запісе перадачы, Сяргей Клішэвіч заявіў, што гэта з’яўляецца залішнім і што расейскія войскі ў Беларусі ёсць. У выпадку неабходнасці яны, па яго словах, могуць забяспечваць бяспеку уладам краіны са Смаленска.

Каментуючы гэта ў сваім тэлеграм-канале расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў выказаў сумнеў у праўдзівасці паведамленняў уладаў Беларусі аб падрыхтоўцы перавароту.

«Можна зразумець дэпутата. Калі мы сапраўды верым кіраўніку беларускай дзяржавы (а чаму нам яму не верыць? Вядома, верым!) пра тое, што са жніўня мінулага года рэспубліка фактычна падвяргаецца агрэсіі, то Масква проста не выконвае свой саюзніцкі абавязак і не абараняе Беларусь, якой пагражаюць ці то абодва польскія танкі і эскадрон «крылатых» гусар, ці то нейкія дывізіі тэрарыстаў і эшалоны зброі, якія бесперапынным патокам ідуць праз беларуска-ўкраінскую ахоўваемую (!) мяжу, ці то інтрыгі амерыканскага ЦРУ і выдатна падрыхтаваных мускулістых і прыгучых беларускіх эмігрантаў-рэйнджараў у асобе таго ж Аляксандра Фядуты.

Расеі сапраўды даўно час ўвесці войскі і падвесці іх да заходняй мяжы Саюзнай дзяржавы — і праблема з бяспекай не толькі Лукашэнкі і яго дзяцей, але і самой Беларусі будзе назаўжды знятая, як з расейскім Крымам», — напісаў палітолаг.

Міністэрства замежных спраў Беларусі пакуль ніяк не прарэагавала на патрабаванне расейскага палітыка, дэпутата і старшыні палітычнай партыі з суседняй краіны ўвесці замежныя войскі на нашу тэрыторыю. Пракуратура і Следчы камітэт Беларусі, якія так любяць шукаць „тэрарыстаў” сярод нашых грамадзян, таксама не паведамляюць пра заведзеную справу па фактах „заклікаў да звяржэння канстытуцыйнага ладу”.