Расейскі генерал загадаў абстраляць Харкаў касетнымі снарадамі



80-ы дзень вайны. Генерал расейскага войска Аляксандр Жураўлёў у канцы лютага даў загад абстраляць Харкаў касетнымі боепрыпасамі «Смерч». 

Фота: armiya.az

Пра гэта гаворыцца ў расследаванні тэлеканала CNN. Журналісты прааналізавалі відэазапісы ракетных удараў і фотаздымкі снарадаў, якія не разарваліся, з месцаў выбухаў, а таксама пагаварылі з экспертамі і відавочцамі атак.

Агулам журналісты адсачылі 11 удараў з выкарыстаннем рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Смерч» 27 і 28 лютага.

Харкаў абстрэльвала 79-я ракетна-артылерыйская брыгада, якая цяпер базуецца ў Белгарадзкай вобласці Расеі, што мяжуе з Украінай.

Цяпер расейскія вайскоўцы, верагодна, вырашылі цалкам сысці са сваіх пазіцый вакол Харкава. Гэта адбываецца ва ўмовах украінскіх контрнаступаў з аднаго боку і абмежаванага падмацавання з другога.

Беларускае Радыё Рацыя