Расейскія і ўкраінскія грамадскія дзеячы звярнуліся да беларусаў
Расейскія і ўкраінскія грамадскія дзеячы звярнуліся да беларускай грамадзянскай супольнасці і Каардынацыйнай рады, створанай з ініцыятывы кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай.
У звароце гаворыцца, што пасля 9 жніўня Беларусь увайшла ў кульмінацыйны гістарычны момант, калі лёс шматгадовай барацьбы за свабоду і дэмакратыю можа быць хутка і мірна вырашаны масавымі дзеяннямі грамадзян.
„Для кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь удзел у пратэстных мерапрыемствах стаў пытаннем не толькі барацьбы за лёс беларускай дзяржавы, але і ўласных гонару, годнасці, фізічнага выжывання. Чым больш шматлікія мітынгі і пратэсты, чым больш прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый Беларусі далучаецца да калектыўных пратэстаў, прыпыняе сваю дзейнасць, тым хутчэй і з меншымі выдаткамі вырашыцца палітычны крызіс у краіне”, — адзначаецца ў звароце.
Яго падпісанты вітаюць ініцыятыву Святланы Ціханоўскай па стварэнні Каардынацыйнай рады.
„Мы асуджаем рэпрэсіі з боку беларускай улады, у тым ліку крымінальны пераслед па палітычных матывах членаў Каардынацыйнай рады. Недапушчальна, каб аўтарытарны рэжым душыў правы грамадзян, замацаваныя міжнародным правам і Канстытуцыяй Беларусі, — гаворыцца ў звароце. — Мы таксама рашуча асуджаем спробы беларускага дыктатара заручыцца падтрымкай кіраўніцтва Расіі, а таксама скарыстацца рознымі расійскімі рэсурсамі (фінансавымі, палітычнымі, медыйнымі, вайскова-паліцэйскімі). Усё гэта вядзе да страты тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Беларусі і, у канчатковым рахунку, вядзе да знікнення Беларусі з палітычнай карты свету”.
„Мы заклікаем у дачыненні да службовых асоб Беларусі, якія падазраюцца ў катаваннях і забойствах мірных грамадзян Беларусі, дэмакратычным краінам увесці персанальныя і іншыя санкцыі, а міжнародным органам юстыцыі — пачаць крымінальны пераслед. Мы заклікаем украінцаў і расіян, усіх людзей добрай волі аказаць усямерную салідарную падтрымку беларускаму народу ў яго гераічнай барацьбе супраць тыраніі і несправядлівасці, за свабоду і дэмакратыю”, — падкрэсліваецца ў звароце.
Подпіс пад ім паставілі расейскі і ўкраінскі юрыст, палітычны дзеяч Іван Бялецкі; міністр замежных спраў Украіны ў 2014—2019 гадах Павел Клімкін; савецкі дысідэнт, расійскі прафсаюзны дзеяч Павел Кудзюкін; савецкі дысідэнт, пісьменнік, палітычны эксперт Герман Обухаў; расійскі палітолаг Андрэй Акара; дэпутат Дзярждумы РФ у 2007—2016 гадах Ілья Панамароў; расійскі палітычны эксперт Андрэй Піянткоўскі; украінскі дыпламат, юрыст-міжнароднік, палітык Вадзім Трухан; расійскі і ўкраінскі юрыст, публіцыст, палітычны эксперт Юрый Шуліпа.
