Расея чакае ад Беларусі поўнай платы за газ



Расея чакае ад Беларусі поўнай платы за газ, пералічаны авансавы плацеж вернуты. Пра гэта, як паведамляе РІА Новости, 17 снежня заявіў журналістам віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч.

Расейскі газ

„Складаныя перамовы. Мы не авансавы плацеж чакаем, нам не патрэбен быў авансавы плацеж. Ён вярнуўся назад ім, даўно ўжо”, — сказаў Дварковіч, адказваючы на пытанне, ці атрымала Расея авансавы плацеж за газ. Ён адзначыў, што перамовы працягваюцца.

Паводле інфармацыі расейскага інфармагенцтва, у снежні Дварковіч паведаміў, што расейскі ўрад атрымаў і абмяркоўвае прапановы Беларусі па газавым пытанні. Пры гэтым ён адзначаў, што Расея ўсё яшчэ чакае аплаты доўгу. Ён складае 281 млн даляраў і ўтварыўся з-за таго, што Беларусь недаплачвае за пастаўлены газ, лічачы кантрактную цану несправядлівай. У кастрычніку бакі абвясцілі аб дасягненні кампрамісу. Згодна з заявамі Менска, Масква пакідае цану на газ на ранейшым узроўні, але прадаставіць нейкую міжбюджэтную кампенсацыю.

Нагадаем, 8 снежня прэс-сакратар прэм’ер-міністра Беларусі Уладзіслаў Сычэвіч паведаміў, што ажыццёўлены авансавы плацеж за пастаўку расійскага газу. Паводле яго слоў, у кастрычніку 2016 года на ўзроўні ўрадаў Беларусі і Расеі былі дасягнуты прынцыповыя дамоўленасці і вызначаны канкрэтныя механізмы па вырашэнні праблемных пытанняў у нафтагазавай сферы, аднак іх рэалізацыя зацягнулася. „Беларусь зацікаўленая ў як мага больш хуткім вырашэнні сітуацыі, якая склалася, у сувязі з чым у якасці першага кроку і жэсту добрай волі ажыццявіла апераджальны авансавы плацеж за прыродны газ”, — сказаў Сычэвіч.

Памер плацяжу, аб’ём і кошт аплачанага газу названыя не былі. Прэс-сакратар прэм`ер-міністра таксама не стаў удакладняць, ці з’яўляюцца пералічаныя грошы плацяжом па наяўнай запазычанасці або авансам за будучыя пастаўкі. „Беларусь, — заявіў ён, — разлічвае на добрую волю расійскага боку ў выглядзе найхутчэйшага аднаўлення аб’ёмаў паставак нафты ў Беларусь, вызначаных дзейнымі міжурадавымі пагадненнямі”.

„Адначасова Беларусь спадзяецца, што расійскія партнёры пачнуць практычную рэалізацыю прынцыповых кастрычніцкіх дамоўленасцяў, уключаючы пытанні умоў пастаўкі ў Беларусь прыроднага газу”, — дадаў Сычэвіч.

15 снежня пасол Беларусі ў Менску Аляксандр Сурыкаў заявіў журналістам, што нафтагазавая спрэчка Беларусі і Расеі будзе вырашана да 20 снежня. Пасля гэтага будуць адноўленыя пастаўкі нафты ў Беларусь і аплата Беларуссю расейскага газу, сказаў ён.

На самай справе няма ніякіх нафтавых і газавых войнаў, лічыць Сурыкаў. „Ёсць кантракт на пастаўку газу ў Рэспубліку Беларусь. Ён заканчваецца ў канцы 2017 года. Ёсць сумневы ў цане, першапачаткова названай у кантракце. Праўда, яна знізілася ў сувязі з падзеннем коштаў на вуглевадароды. Акрамя таго, існуе міжурадавае пагадненне наконт пераходу на роўнадаходныя цэны, у тым ліку на вуглевадародную сыравіну. У сувязі з падзеннем цэн на энерганосьбіты ёсць неабходнасць паабмяркоўваць, якой становіцца роўнадаходная цана ў святле міжурадавага пагаднення”, — сказаў расейскі дыпламат. Гэта значыць, заўважыў ён, „два дакументы як бы ўступілі ў дысгармонію паміж сабой”.

„Напэўна, рашэнне трэба было шукаць не ў сілавых метадах, гэта значыць у спыненні плацяжоў за газ, а ў дамоўленасцях або ў судовых рашэннях (які дакумент суд прызнае аб’ектыўным). Пайшлі ж па шляху сілавога рашэння. На жаль, гэта заводзіць у тупік. Але тупік рассмоктваецца, і літаральна днямі ўсе праблемы, звязаныя з нафтагазавымі справамі, будуць вырашаныя на задавальненне абодвух бакоў”, — запэўніў пасол Расеі ў Беларусі.

Нагадаем, Менск і Масква дагэтуль не ўрэгулявалі пытанні кошту расейскага газу і загрузкі сыравінай беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. З 2016 года Расея, згодна з дамоўленасцямі, павінна была пастаўляць у Беларусь штогод 24 млн тон нафты ў год аж да 2024 года. Аднак з другога паўгоддзя пастаўкі былі скарочаныя, спачатку да 3,5 млн тон у квартал, а з кастрычніка — ужо да 3 млн тон. Гэта стала адказам на запазычанасць па пастаўках расейскага газу ў 281 млн даляраў. 19 кастрычніка старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур заявіў аб наяўнасці сродкаў для разлікаў за газ, а 21 кастрычніка міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык сцвярджаў, што грошы за газ „сёння пералічваем”, але гэтага не адбылося.

belapan.by