Расея і Беларусь створаць новую транспамежную зону



Урад Расеі ўхваліў праект стварэння з урадам Беларусі новай транспамежнай, асабліва ахоўваемай прыроднай тэрыторыі „Запаведнае Паазер’е”. Адпаведны дакумент з’явіўся на сайце кабінету міністраў Расеі.

„У склад гэтай тэрыторыі ўвойдуць з боку Расейскай федэрацыі нацыянальны парк „Себежскі” (Пскоўская вобласць), з боку Рэспублікі Беларусь – рэспубліканскія ляндшафтныя заказнікі „Чырвоны Бор” і „Асвейскі” (Віцебская вобласць), – адзначана ў дакуменце.

Падкрэсліваецца, што рэалізацыя пагаднення створыць дадатковыя магчымасці для захавання біялагічнай разнастайнасці ў сумежных рэгіёнах, а таксама для паглыблення двухбаковай супрацы ў галіне аховы навакольнага асяроддзя.

Беларускае Радыё Рацыя