„Расея не можа накласці вета на ўступленне Украіны ў альянс”



Трэція краіны не будуць вырашаць, хто можа ўступіць у NATO, а хто не. Пра гэта заявіў генеральны сакратар альянса Енс Столтэнберг пасля перамоў з расейскай дэлегацыяй у рамках Савета Расея-NATO ў Бруселі, перадае РБК.

Скончыўся другі раўнд перамоў Расія — NATO


— Усе члены адзіныя ў тым, што тычыцца ключавога прынцыпу: што кожная дзяржава мае права выбіраць свой шлях… Саюзнікі таксама згодныя з тым, што толькі Украіна і 30 саюзнікаў па NATO могуць вырашаць, калі Украіна будзе гатовая стаць сябрам NATO, — сказаў Енс Столтэнберг.

Ён удакладніў, што Расея не можа накласці вета на ўступленне Украіны ў NATO.

Сустрэча Савета Расея-NATO стала другой у серыі перамоў па гарантыях бяспекі. Перамовы працягваліся каля чатырох гадзін, Столтэнберг назваў іх складанымі, але карыснымі.

— У нас была шчырая і адкрытая дыскусія па шырокім коле пытанняў, вядома, з факусаваннем на напружанасці на Украіне і вакол яе, — сказаў Столтэнберг.

Паводле яго слоў, рознагалоссі паміж Масквой і саюзнікамі па NATO будзе складана пераадолець, але той факт, што бакам удалося сесці за стол перамоў, з’яўляецца пазітыўным сігналам.

Перамовы паміж Расеяй і саюзнікамі па NATO сталі першымі за апошнія два з паловай гады. Раней Масква запатрабавала ад NATO і ЗША гарантаваць недалучэнне Украіны да альянса. Такія пункты значыліся ў апублікаваных праектах дагавораў Расеі з NATO і ЗША аб гарантыях бяспекі.