Расея падала ў суд на Беларусь



Праблему з аплатай за пастаўкі газу Расея можа вырашыць з Беларуссю ў судзе. Пра гэта заявіў віцэ-прэм’ер Расеі Аркадзь Дварковіч. Па яго словах, справа ўжо знаходзіцца ў судзе. Аднак падрабязнасцяў судовага разгляду чыноўнік не паведаміў.

„Я не ведаю, ці працягнуцца перамовы ў гэтым годзе альбо ўжо пасля святаў. Цяпер складана сказаць”, — цытуе Дварковіча ТАСС.

Менск і Масква дагэтуль не ўрэгулявалі пытанні кошту расейскага газу і загрузкі сыравінай беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. З 2016 года Расея згодна з дамоўленасцямі павінна была пастаўляць у Беларусь штогод 24 млн тон нафты аж да 2024 года. Аднак з другога паўгоддзя пастаўкі былі скарочаныя спачатку да 3,5 млн тон у квартал, а з кастрычніка — ужо да 3 млн тон. Гэта стала адказам на запазычанасць па пастаўках расейскага газу ў 281 млн долараў. 19 кастрычніка старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур заявіў аб наяўнасці сродкаў для разлікаў за газ, а 21 кастрычніка міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык сцвярджаў, што грошы за газ „сёння пералічваем”, але гэтага не адбылося.

8 снежня прэс-сакратар прэм’ер-міністра Уладзіслаў Сычэвіч паведаміў, што Беларусь ажыццявіла авансавы плацеж за пастаўку расейскага газу. „Беларусь зацікаўленая ў як мага больш хуткім вырашэнні сітуацыі, якая склалася, у сувязі з чым у якасці першага кроку і жэсту добрай волі ажыццявіла апераджальны авансавы плацеж за прыродны газ”, — сказаў Сычэвіч.

Памер плацяжу, аб’ём і кошт аплачанага газу названыя не былі. Аднак Аркадзь Дварковіч у канцы мінулага тыдня заявіў, што Расея вярнула гэты плацеж, паколькі чакае поўнай аплаты запазычанасці за газ, – паведамляе БелаПАН.