Расея перадыслакуе ў Беларусь найноўшыя знішчальнікі Су-35с
Расея перакідвае ў Беларусь з Далёкага Усходу шматмэтавыя знішчальнікі Су-35с. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце міністэрства абароны Расеі.
Падчас перабазавання прадугледжаны прыпынкі — на аэрадромах Цэнтральнага і Заходняга ваенных акругаў. У расейскім Мінабароны распавялі, што маршруты прапрацоўваліся з улікам метэаўмоў і па магчымасці „максімальнага беспасадкавага палёту самалётаў”.
Прадугледжана, што ў Беларусі экіпажы „заступяць на баявое дзяжурства па супрацьпаветранай абароне ў рамках праверкі пытанняў функцыянавання адзінай сістэмы СПА Саюзнай дзяржавы„.
Нагадаем, раней прадстаўнік расейскага Мінабароны распавядаў, што для ўдзелу ў сумесных беларуска-расейскіх вучэннях „Саюзная рашучасць-2022” у Беларусь будуць перабазаваныя „два дывізіёны С-400 і 12 знішчальнікаў Су-35”. Перадыслакацыя ЗКР С-400 пачалася раней.
Вучэнні адбудуцца з 10 па 20 лютага на тэрыторыі Беларусі і стануць другім этапам праверкі сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы. На першым этапе, які працягнецца да 9 лютага, выконваецца перадыслакацыя сіл і тэхнікі, а таксама стварэнне ў Беларусі груповак войскаў для арганізацыі аховы і абароны важных дзяржаўных і ваенных аб’ектаў і дзяржмяжы.
У паведамленні расейскага Мінабароны асабліва падкрэсліваецца, што „колькасць вайскоўцаў і тэхнікі на вучэнні, якія трапляюць пад дзеянне Венскага дакумента 2011 года, не перавышаюць пэўныя ім параметры, якія падлягаюць паведамленню”.
Адзначым, што Су-35 з’яўляецца адным з асноўных знішчальнікаў ВПС Расеі. Гэта шматмэтавы знішчальнік, які быў распрацаваны ў КБ Сухога ў 2008 годзе.
[manual_related_posts]