Расея працягвае перакідваць войскі і тэхніку ў Беларусь і Крым



Амерыканская кампанія Maxar Technologies заявіла, што свежыя спадарожнікавыя здымкі сведчаць пра разгортванне новых сіл РФ вакол Украіны – у некалькіх месцах на тэрыторыі Расеі, Беларусі і ў акупаваным Крыме.

Як піша „Еўрапейская праўда”, пра гэта паведамляе Reuters – адзначаючы, што не можа незалежна праверыць здымкі.

Кампанія ўжо некаторы час адсочвае нарошчванне Расеяй сілаў вакол Украіны і на акупаваных тэрыторыях. Здымкі, пра якія ідзе размова, былі зроблены 9-10 лютага.

Згодна з гэтай інфармацыяй, на аэрадроме „Кастрычніцкі” на поўнач ад Сімферопаля з’явіліся 550 намётаў і сотні адзінак тэхнікі. Таксама новыя войскі з’явіліся ў раёне Новаазёрнага і Слаўнага.

На тэрыторыі Беларусі заўважылі новыя сілы, ваенную тэхніку і верталёты ў аэрапорце Зябраўка пад Гомелем, менш чым за 25 км ад мяжы з Украінай.

На тэрыторыі самой РФ на Курскім палігоне, за 110 км ад мяжы з Украінай, таксама заўважылі новыя сілы.

Нагадаем, на днях генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг адзначыў, што „вызначанасці няма”, але рызыка новага ваеннага ўварвання Расеі ва Украіну падвышаецца.

Фота: Maxar Technologies/REUTERS

[manual_related_posts]