Расея працягвае сцягваць войскі да мяжы з Украінай



Расейскія ўлады працягваюць нарошчваць войскі ля мяжы з Украінай, нягледзячы на размову прэзідэнтаў ЗША і РФ Джо Байдэна і Уладзіміра Пуціна на мінулым тыдні, падчас якога амерыканскі лідар папярэдзіў Крэмль пра „жорсткія меры” у адказ на ўварванне.

Расейскія войскі паблізу Ельні 1 лістапада 2021 года. Здымак са спадарожніка

Пра гэта паведамляе CNN са спасылкамі на крыніцы ў амерыканскай выведцы. Адзначаецца, што ў апошнія дні ў прыгранічныя раёны было адпраўлена вялікая колькасць ваенных. Таксама Расея пачала выкарыстоўваць камерцыйныя паветраныя і чыгуначныя сістэмы для падтрымкі вайсковых намаганняў. Аналагічная дзейнасць у паветры і на чыгуначных шляхах была заўважная вясной.

Паводле апошніх звестак амерыканскай выведкі, на мяжы з Украінай і вакол яе разгорнута звыш 50 так званых батальённых тактычных груп (па 900 чалавек кожная). Гэтыя групы з’яўляюцца дыверсіфікаванымі і вельмі самадастатковымі баявымі адзінкамі з камбінацыяй войскаў, артылерыі, супрацьтанкавага ўзбраення, разведвальных і інжынерных частак. Як паведамляецца, яны адыгрывалі вядучую ролю падчас наступу РФ на Данбас у 2014-м.