Расея выступае за больш цесную каардынацыю з Беларуссю



Расея выступае за больш цесную каардынацыю з Беларуссю ў знешняй палітыцы і эканоміцы, заявіў Уладзімір Пуцін, выступаючы 20 лютага ў Маскве са штогадовым пасланнем Федэральнаму сходу РФ.

Прамую трансляцыю выступу расейскага прэзідэнта вёў Першы канал.

„Мы лічым правільным актыўна паглыбляць узаемадзеянне ў рамках Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, у тым ліку больш цесную каардынацыю ў знешнепалітычнай сферы і эканоміцы”, — сказаў Пуцін.

„Разам з партнёрамі па інтэграцыі мы працягнем фармаваць агульныя рынкі і ўмацоўваць знешнія сувязі Еўразійскага эканамічнага саюза. У тым ліку трэба ўвасобіць у жыццё ўжо прынятыя рашэнні пра спалучэнне ЕАЭС з кітайскай ініцыятывай „Адзін пояс — адзін шлях” — як пралог да стварэння вялікага еўразійскага партнёрства”, — дадаў расейскі кіраўнік.

Размовы пра неабходнасць больш цеснай беларуска-расейскай інтэграцыі паўсталі на фоне не вырашанай да гэтага часу спрэчкі пра кампенсацыю Беларусі наступстваў ад правядзення ў Расеі падатковага манеўру. У Менску налічылі прыблізна 15 млрд долараў стратаў і разлічваюць на яго пакрыццё. Масква ставіць прэферэнцыі ў залежнасць ад ступені інтэграцыі дзяржаў.

БелаПАН