Расея забараняе пастаўкі ялавічыны з Менскай вобласці



Расея з 6 лютага абмяжуе пастаўкі ялавічыны і ялавічных субпрадуктаў з Менскай вобласці Беларусі, гаворыцца ў паведамленні на сайце Рассельгаснагляду.

«Фармальнае стаўленне з боку ветэрынарных спецыялістаў абласных і раённых ветэрынарных службаў Рэспублікі Беларусь да ажыццяўлення кантролю за прадукцыяй, якая адгружаецца, і адсутнасць сістэмы нагляду ў Рэспубліцы Беларусь прыводзяць да працягу спробаў легалізацыі і наступнага ўвозу на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі мясной сыравіны невядомага паходжання нядобрасумленнымі беларускімі вытворцамі», — падкрэслівае Рассельгаснагляд.

Пры правядзенні ветэрынарнага кантролю беларускай прадукцыі Рассельгаснаглядам „з зайздросным пастаянствам фіксуюцца сляды паўторнай пераўпакоўкі і сляды першаснай маркіроўкі (перамаркіроўкі тавараў), а таксама сляды зрэзаў ветэрынарных клеймаў„.

Гэтыя выпадкі пацвярджаюць наяўнасць на тэрыторыі Менскай вобласці Беларусі ашуканскіх схем з пастаўкамі ў Расею ўкраінскай і еўрапейскай мясной сыравіны, якая выдаецца за беларускую. Адсутнасць дзейсных мер па недапушчэнні паставак у Расейскую Федэрацыю падкантрольных тавараў з парушэннем ветэрынарна-санітарных патрабаванняў і нормаў ЕАЭС і Расейскай Федэрацыі, а таксама матэрыялаў расследаванняў па ўстанаўленні прычын па кожным факце парушэнняў выклікае недавер да працы дзяржаўнай ветэрынарнай службы Менскай вобласці. У сувязі з гэтым Рассельгаснагляд вымушаны ўвесці часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расейскую Федэрацыю ялавічыны і ялавічных субпрадуктаў з усіх прадпрыемстваў Менскай вобласці Рэспублікі Беларусь з 06.02.2017 года„, — падкрэслівае Рассельгаснагляд.

Пра ўвядзенне часовых абмежаванняў таксама паведаміў РБК кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт, у дачыненні да якога Аляксандр Лукашэнка 3 лютага даручыў МУС Беларусі разгледзець магчымасць распачынання крымінальнай справы.

У снежні 2016 года Рассельгаснагляд паставіў пад сумненне „сапраўднасць беларускага паходжання” прадукцыі СТАА „Георгій і сыны” і прапанаваў беларускаму боку правесці сумесную праверку прадпрыемства.

Акрамя таго, як расказаў РБК Данкверт, у ходзе праведзенай у пятніцу, 3 лютага, відэаканферэнцыі паміж Рассельгаснаглядам і дэпартаментам ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча Беларусі было ўстаноўлена, што на гэтым прадпрыемстве выяўлены „грубыя парушэнні ветэрынарных правіл і яно цяпер не ажыццяўляе вытворчую дзейнасць”. Такія адносіны з боку беларускіх ветэрынарных спецыялістаў Данкверт лічыць „фармальнымі”. „Яны прыводзяць да працягу спробаў легалізацыі і наступнага ўвозу на тэрыторыю Расіі мясной сыравіны невядомага паходжання нядобрасумленнымі беларускімі вытворцамі”, — адзначыў кіраўнік Рассельгаснагляду.

„Усе выяўленыя выпадкі (акрамя „Георгій і сыны” ў снежні былі спыненыя пастаўкі з АСП „Вытворчы камбінат”, ТАА „Анэксімпрод”, ТАА „Тэраміт”) пацвярджаюць наяўнасць на тэрыторыі Менскай вобласці Беларусі ашуканскіх схем з пастаўкамі ў Расею ўкраінскай і еўрапейскай мясной сыравіны, якая выдаецца за беларускую”, — лічыць Данкверт.

Паводле яго слоў, адсутнасць дзейсных мер па недапушчэнні паставак у Расею падкантрольных тавараў з парушэннем ветэрынарна-санітарных патрабаванняў і нормаў выклікае ў расейскага боку „недавер да працы дзяржаўнай ветэрынарнай службы Менскай вобласці”.

3 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ ў Менску Аляксандр Лукашэнка даручыў міністру ўнутраных спраў Беларусі Ігару Шуневічу разгледзець пытанне аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта за нанясенне шкоды Беларусі. „Трэба вывучыць, Ігар Анатольевіч, пытанне і распачаць крымінальную справу па Данкверту, як калісьці па Керымаву і Баўмгертнеру, за нанясенне ўрону дзяржаве. Распачаць крымінальную справу, і мы яго дастанем”, — сказаў ён. (У 2013 годзе ў Беларусі былі распачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да гендырэктара „Уралкалія” Уладзіслава Баўмгертнера і галоўнага акцыянера кампаніі Сулеймана Керымава. Пры гэтым Баўмгертнер быў затрыманы ў Менску, а Керымаў абвешчаны ў міжнародны вышук.)

Паводле слоў Лукашэнкі, калі Данкверт „пабудзе ў следчым ізалятары, тады ён усвядоміць, што ён творыць”. „Усе гэтыя данкверты — людзі зацікаўленыя. У кожнага велізарныя латыфундыі. Яны самі з’яўляюцца вытворцамі таго ці іншага прадукту: ці крышуюць, ці дзесьці працуюць, ці ўласнікі. Яны, вядома, па якасці і цане не могуць канкурыраваць з беларускай прадукцыяй. Цяпер вы разумееце, чаму ўстанаўліваюцца гэтыя бар’еры”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу ў Рассельгаснаглядзе заявілі, што ведамства „спакойна ставіцца” да даручэння прэзідэнта Беларусі распачаць крымінальную справу ў дачыненні да Данкверта. „Мы спакойна ставімся да гэтай сітуацыі”, — заявіла БелаПАН прэс-сакратар Рассельгаснагляду Юлія Мелано.

Яна падкрэсліла, што Рассельгаснагляд дзейнічае ў рамках расейскага заканадаўства і заканадаўства ЕАЭС, правілаў міжнароднага гандлю. „Якіх-небудзь наступстваў мы ў гэтым дачыненні зусім не баімся”, — дадала Мелано.

На пытанне, як у ведамстве ставяцца да заявы Лукашэнкі аб асабістай зацікаўленасці Данкверта ўвесці забарону на пастаўку беларускай прадукцыі, прэс-сакратар адказала: „Гэта зусім неапраўдана. Гэта можна лічыць хлуснёй”.

БелаПАН