Расея збірае войска на закінутай базе СССР побач з беларуска-ўкраінскай мяжой



Расея канцэнтруе салдат і вайсковую тэхніку на закінутай базе стратэгічнай авіяцыі СССР каля вёскі Зябраўка — у 10 км ад Гомеля і ў 24 км ад мяжы Беларусі і Украіны. На брыфінгу для замежных вайсковых аташэ, прысвечаным плану беларуска-расейскіх вучэнняў, гэты аб’ект увогуле не згадваўся.

— Вайсковы гарадок забіты вайскоўцамі. І ўзлётку рамантуюць і чысцяць. Там паласа доўгая, выдатна захавалася, стаянкі цэлыя, рулявыя дарожкі амаль усе цэлыя. І аэрадромная нафтабаза захавалася цалкам, цяпер там “Газпрамнафта”, — цытуе тамтэйшага жыхара гомельскае выданне.

З якой мэтай Расея і Беларусь ажыўляюць закінутую савецкую вайсковую інфраструктуру? Адна справа, калі база ў Зябраўцы знікне пасля вучэнняў. І зусім іншая, калі яна ператворыцца ў дзеючы аб’ект і будзе ствараць пагрозу Украіне.

Нямецкая газета Bild напярэдадні апублікавала магчымы план уварвання Расеі ва Украіну. Аўтар тэксту Юльян Рэпке піша ў сваім твітэры, што на поўдні Беларусі расейскае войска рыхтуецца атакаваць Кіеў. МЗС Расеі раскрытыкаваў Bild і заявіў, што газета перайшла ўсе магчымыя межы чалавечай маралі і этыкі.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]