Распрацаваны „План Маршала для Украіны”



План дапамогі Украіне, ініцыяваны літоўскімі палітыкамі, быў прэзентаваны сёння, 6 лістапада, у Сойме Літвы паслам краін-удзельніц праграмы „Усходняга партнёрства”.

Пра гэта паведамляе Delfi.

Згодна з планам, на працягу дзесяці гадоў, з 2018 года, палітыкі прапануюць выдзеліць Украіне 50 млрд еўра дапамогі для заахвочвання малога і сярэдняга бізнесу.

Літоўскія дыпламаты і палітыкі дамагаюцца таго, каб „новы план Маршала” для Украіны атрымаў падтрымку на лістападаўскім саміце „Усходняга партнёрства”.

Літоўскі міністр замежных спраў Лінас Лінкявічус адзначыў неабходнасць хутчэйшага надання дапамогі Украіне, бо ў сітуацыі, у якой знаходзіцца краіна, час не з’яўляецца саюзнікам.

„Нам вельмі важна, каб дапамога, якая трапляе ва Украіну, была эфектыўнай, каб донары ахвотна вылучалі для гэтага сродкі, каб іх не палохалі праявы бюракратыі і карупцыі, якія яшчэ ёсць. Мы бачым, што час не наш саюзнік, бо людзі стаміліся ад вайны, ад бюракратыі, ад пакут”, – сказаў журналістам кіраўнік МЗС Літвы.

Ён прапанаваў называць план „Еўрапланам для Украіны”.