Расследаванне выявіла датычнасць Менску да міграцыйнага крызісу ў Літве



Да міграцыйнага крызісу ў Літве датычная беларуская дзяржкампанія. Пра гэта гаворыцца ў расследаванні цэнтру «Досье» Міхаіла Хадаркоўскага і нямецкага выдання Der Spiegel. 

Расследаванне паказала, што перавоз пераважна грамадзянаў Іраку да беларуска-літоўскай мяжы ажыццяўляла турыстычная фірма «Цэнтркурорт». Яна ўваходзіць у структуру кіраўніцтва спраў Аляксандра Лукашэнкі. Вылет з Багдаду, турыстычная віза, трохзоркавы гатэль у Менску: расследаванні паказваюць, наколькі планамерна ўлады Беларусі прывозяць у краіну іракскіх мігрантаў. Аўтары расследаваньня мяркуюць, што афіцыйны Менск вырашыў выкарыстоўваць мігрантаў для шантажу еўрапейскіх краін у адказ на санкцыі ЕЗ.

Калі вясной 2021 года колькасць уцекачоў, якія трапляюць у Еўразвяз з беларускага боку, лічылася дзясяткамі, то да лета паток вырас да 100 чалавек за дзень, сказана ў публікацыі. Журналісты таксама звяртаюць ўвагу, што з траўня пачала рэзка расці колькасць рэгулярных рэйсаў з Багдаду ў Менск.

З пачатку 2021 года на літоўска-беларускай мяжы былі затрыманыя больш за чатыры тысячы нелегальных мігрантаў – у параўнанні з мінулым годам паток бежанцаў вырас у 50 разоў.

Фота: Севярына Венцкутэ / DER SPIEGEL