Разам з Ціханоўскай у Літву з’ехала кіраўніца яе штаба Марыя Мароз



Разам з кандыдатам у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай у Літву з’ехала кіраўніца яе штаба Марыя Мароз, паведаміла прадстаўніца штаба Вольга Кавалькова на прэс-канферэнцыі ў Менску 11 жніўня.

Паводле яе слоў, Ціханоўскую і Мароз вывезлі за мяжу беларускія ўлады.

На пытанне БелаПАН, дзе знаходзілася Мароз з 8 жніўня, калі яна была затрыманая, Кавалькова адказала: „У адным з ІЧУ Менска”. „Марыя Мароз была ў такім стане, што я не стала ўдакладняць канкрэтна, у якім ІЧУ яна знаходзілася”, — патлумачыла яна.

„Тое, што Святлана з’ехала, не адмяняе яе перамогі на выбарах, а ў эскалацыі канфлікту вінаватыя ўлады, — заявіла Кавалькова. — Я заклікаю ўлады выбраць не вайну, а дыялог з уласным народам. Мы павінны абараняць нашу перамогу легальнымі негвалтоўнымі спосабамі. Штаб Ціханоўскай працягвае сваю работу. Мы можам весці дыялог з уладамі па двух накірунках: спыніць гвалт і абмеркаваць вынікі выбараў”.

Марыя Мароз была затрыманая 8 жніўня, напярэдадні выбараў, і яе месцазнаходжанне дагэтуль была невядомае.

9 жніўня Аляксандр Лукашэнка, гутарачы з журналістамі пасля галасавання на выбарчым участку, адказаў на пытанне карэспандэнта Deutsche Welle пра „восем арыштаваных людзей з каманды Ціханоўскай”, уключаючы Марыю Мароз.

„Хвіліначку, дзе Мароз цяпер? Калі ласка, разбярыцеся, дзе Мароз цяпер, трэба прадметна размаўляць, — заявіў ён, звярнуўшыся да чыноўнікаў. — Я першы раз чую, што арыштаваныя восем чалавек. Ніколі не кідайцеся словамі, калі вы не разумееце, аб чым ідзе гаворка. У нас няма сэнсу арыштоўваць людзей, як і ў любой іншай краіне. Іх спачатку затрымліваюць, нават калі яны вінаватыя, і праз 8—10 дзён ім выстаўляюць абвінавачанні і арыштоўваюць. Таму Мароз гэтая ніяк не магла быць арыштаваная”.