Уладзімір Хільмановіч падаў скаргу ў суд



Журналіст і публіцыст Уладзімір Хільмановіч падаў у Гарадзенскі абласны суд скаргу на рашэнне суда Ленінскага раёна Гародні, які 25 лістапада аштрафаваў яго за “ўдзел у несанкцыянаванай акцыі” на 35 базавых велічыняў.

Сябраў “БАЖ” Міхала Карневіча і Уладзіміра Хільмановіча з Гародні палічылі вінаватымі ў парушэнні парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў.

Уладзімір Хільмановіч патлумачыў Беларускаму Радыё Рацыя сваю пазіцыю:

­­­ ­­ – Абскарджваю рашэнне Ленінскага суда Гародні, якое прыняла суддзя Алена Пятрова, бо лічу яго абсалютна незаконным, не вынікаючым з хады даследвання справы адміністрацыйнай, якая “высмактаная з пальца”, якая мае характар палітычнага пераследу. Я ўказваю ў сваёй касацыйнай скарзе на ўсе тыя супярэчнасці, абсурднасці, якія адлюстраваныя нават у матэрыялах судовай справы. Лічу, што выйграць касацыйны суд, амаль няма ніякіх шанцаў пры сённяшняй сістэме. У такім разе буду падаваць скаргу далей ў Камітэт па правах чалавека.

За правядзенне дня памяці 26 кастрычніка ў Свіслачы ўжо асуджана 7 чалавек, якія былі засуджаныя да штрафаў ад 15 да 35 базавых велічыняў.

* * *

Гарадзенскі журналіст Радыё Свабода Міхась Карневіч падаў скаргу ў Гарадзенскі абласны суд. Журналіст ад пачатку не быў згодны з рашэннем суда, што адбыўся 25 лістапада ў судзе Ленінскага раёна Гародні.

Суддзя Пятрова аштрафавала праабаронцу і публіцыста Уладзіміра Хільмановіча на 35, а акрэдытаванага журналіста Радыё Свабода Міхася Карневіча на 15 базавых велічыняў.

Пра свае дзеянні распавядае Міхась Карневіч:

– Суд абсалютна неаб’ектыўна разгледзеў маю справу. Суд не ўлічыў самыя галоўныя моманты маёй невінаватасці, што я, як журналіст, акрэдытаваны ў Рэспубліцы Беларусь, згодна з беларускім заканадаўствам, магу быць на любых акцыях – санкцыянаваных ці несанкцыянаваных – гэта дазваляе мне закон і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Я напісаў скаргу, што суддзя неаб’ектыўна разгледзела маю справу. У пастанове нідзе нават не згадваецца, што я журналіст.

Журналіст збіраецца змагацца за свае правы і наступным крокам лічыць падачу скаргі ў Камітэт па правах чалавека.

За акцыю Дзень памяці, што адбывалася 26 кастрычніка ў Свіслачы пратаколы складзеныя на 15 чалавек, а пяць чалавек, сярод якіх публіцыст і праваабаронца Уладзімір Хільмановіч і карэспандэнт Радыё Свабода Міхась Карневіч аштрафаваныя ад 15 да 35 базавых велічыняў

* * *

У Гародні працягваюцца рэпрэсіі ў адносінах да ўдзельнікаў Дня памяці паўстанцаў 1863 году, што адбыўся ў Свіслачы 26 кастрычніка 2014 году. Да ўдзельнікаў мерапрыемства дахаты прыходзяць міліцыянты, каб скласці пратаколы і зрабіць апытанне.

Падобныя пратаколы складзеныя на кіраўнічку Гарадзенскага АГП Аляксандру Васілевіч, а таксама на ўдзельнікаў мерапрыемства з іншых гарадоў Беларусі.

27-га лістапада з гэтай нагоды міліцыянты завіталі да кіраўніка гарадзенскага БНФ Вадзіма Саранчукова:

 – Нібыта я ўдзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі па частцы першай артыкулу па несанкцыянаваных мерапрыемствах. Мяне азнаёмілі з матэрыяламі адміністрацыйнай справы, у якой, як доказы майго ўдзелу фігуруюць фотаздымкі з пахавання Віктара Дзясяціка, які быў пахаваны ў гэты дзень. І непасрэдна гэтыя фотаздымкі фігуруюць, як доказы майго ўдзелу. Безумоўна, я ацаніў справу як палітычную. Прагнозы такія – асудзяць па любому – ці штраф будзе ці нешта іншае.

За ўдзел у Дне памяці пратаколы складзеныя на 15 чалавек, а пяць чалавек, сярод якіх публіцыст і праваабаронца Уладзімір Хільмановіч і карэспандэнт Радыё Свабода Міхась Карневіч аштрафаваныя ад 15 да 35 базавых велічыняў.

Беларускае Радыё Рацыя

***

25-га лістапада ў судзе Ленінскага раёну Гародні судзілі чатырох удзельнікаў акцыі памяці, што адбылася 26 кастрычніка ў Свіслачы.

Уладзімір Хільмановіч і Ежы Грыгенча аштрафаваныя на 35 мінімальных заробкаў, а Віталь Лопасаў і Міхась Карневіч – на 15 мінімальных заробкаў.

Абсурднасць судовага працэсу над Міхалам Карневічам заключалася ў тым, што ён акрэдытаваны журналіст Радыё Свабода:

Пра сваю сітуацыю Міхал Карневіч распавёў Беларускаму Радыё Рацыя

– Чакаў вядома непрыемнага, бо быў складзены пратакол, нягледзячы на тое, што я на законных падставах прысутнічаў на акцыі. Нават, калі акцыя не санкцыянаваная, мне як журналісту, акрэдытаванаму ў Рэспубліцы Беларусь, закон дазваляе прысутнічаць на падобных акцыях. А сёння я пачуў па сутнасці ад суддзі Пятровай пра забарону на прафесію – яна заявіла, што я не меў права працаваць.

 У Гародні суды над удзельнікамі акцыі памяці паўстанцаў Каліноўскага будуць працягвацца. Паводле міліцэйскіх пратаколаў да адказнасці будуць прыцягнуты 15 асобаў не толькі ў Гародні, але і па Гарадзеншчыне і па ўсёй Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя

 * * *

Адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў пахавання Віктара Дзясяціка ў Свіслачы будзе разглядаць Алена Пятрова, суддзя Ленінскага раёну Гародні. Пяцёра гарадзенцаў: прафесар Алесь Астроўскі, Уладзімір Хільмановіч, Міхась Карневіч, Ежы Грыгенча ды Віталь Лопасаў былі выкліканы ў Ленінскі аддзел унутраных спраў позвамі. Пад’ехаўшы туды, суддзя паведаміў пра перанос разгляду адміністрацыйнага правапарушэння ў будынак суда на заўтра з адзінаццатай гадзіны.

photo

Пра абсурднасць адміністрацыйнага абвінавачвання кажа публіцыст Уладзімір Хільмановіч:

– Абвінавачванне ўвогуле несур’ёзнае, шмат мы да чаго прывыклі абсурднага, але настолькі абсурдных абвінавачванняў мы яшчэ не бачылі на Гарадзеншчыне. Калі не лічыць часоў выбарчых кампаніяў, калі людзей судзілі ўвогуле за тое, што яны нібыта лаяліся матам і г.д. Пратаколы складзены неправамерна, з парушэннем заканадаўства, таму што з нашага боку ніякага парушэння таго заканадаўства, якое насёння ёсць у Рэспубліцы Беларусь, не было. Таму пытанне да тых, хто прыдумаў гэты працэс.

У пратаколе паведамляецца, што ўказаныя асобы нібыта ўдзельнічалі ў “мітынгу на памятных месцах” ля помніка Рамуальду Траўгуту ды бюсту Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы 26-га кастрычніка.

photo 1

photo 2

IMG_4394

 Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.