Развіццё адносін паміж Беларуссю і ЕЗ абмяркоўваюць у Бруселі



Шостае пасяджэнне каардынацыйнай групы Беларусь-ЕЗ праходзіць 13-14 снежня ў Бруселі. Пра гэта паведаміў на брыфінгу начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі – прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

У мерапрыемстве бяруць удзел прадстаўнікі Еўракамісіі, Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі. Беларускую дэлегацыю на перамовах узначаліў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка.

Бакі абмяркоўваюць стан двухбаковых адносінаў, удзел Беларусі ў ініцыятыве ЕЗ „Усходняе партнёрства”, пытанне правоў чалавека, супрацоўніцтва ў сферах адукацыі, навукі, аховы навакольнага асяроддзя, энергетыкі, транспарту, лічбавай эканомікі, міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

Каардынацыйная група Беларусь-ЕЗ праводзіць свае пасяджэнні з 2016 года. Яна была створана для забеспячэння структураванага палітычнага дыялогу па ўсім спектры двухбаковага ўзаемадзеяння.

zviazda.by