«Регнум» ізноў абрынуўся з крытыкай на Лукашэнку
«Дэградацыя сістэм дзяржавы і грамадства ў Беларусі становіцца ўсё больш заўважнай». Расейскае інфармацыйнае агенцтва зноў абрынулася з крытыкай на Лукашэнку.
У артыкуле скандальна вядомага шэф-рэдактара «Регнум» Юрыя Баранчыка (на якога беларускія ўлады не так даўно распачалі крымінальную справу) пад назвай „Экономическая модель Беларуси разрушает Союзное государство” гаворыцца пра «шматмільярдныя датацыі з боку Расеі», нягледзячы на якія Беларусь працягвае ўстойліва з’яўляцца датацыйнай краінай.
«Сітуацыя ў эканоміцы рэспублікі дайшла да такой стадыі дэградацыі, што эксперты пачынаюць казаць пра эканамічны феадалізм», – піша ён у сваім артыкуле.
У якасці аргументу аўтар прыводзіць той факт, што ў краіне асноўнай крыніцай прыняцця эканамічных рашэнняў з’яўляецца Аляксандр Лукашэнка.
«Так, за 2016 год ім было прынята 443 Указы і 4 Дэкрэты, зарэгістраваных у Нацыянальным рэестры прававых актаў. У сваю чаргу беларускі парламент прыняў «толькі» 102 Законы. Гэта значыць нарматворчая дзейнасць Лукашэнкі больш чым у 4 разы перавысіла нарматворчую дзейнасць беларускага заканадаўчага органа, таму можна казаць хутчэй аб феадальнай эканамічнай мадэлі ў Беларусі, чым аб капіталістычнай эканоміцы », – піша расейскае агенцтва.
А так як падобная эканамічная мадэль у сучасным свеце нежыццяздольная, то не даводзіцца здзіўляцца выхаду людзей на вуліцы ў лютым-сакавіку гэтага года, робіць выснову аўтар артыкула. І прапануе Беларусі памяняць эканамічную мадэль.
«Паўстала сістэмная супярэчнасць – наяўная пасля распаду СССР у Беларусі палітычная і эканамічная мадэль існавання рэспублікі больш не ў стане забяспечваць развіццё Беларусі як незалежнай дзяржавы.
Дэградацыя ўсіх сістэм дзяржавы і грамадства, няхай гэта будзе фінансавая сфера, эканоміка, прамысловасць, сацыяльная сфера, ровень жыцця людзей, спорт становіцца ўсё больш заўважнай і ўжо не толькі экспертам », – адзначае Юрый Баранчык.
Сістэма мае патрэбу ў кардынальнай трансфармацыі, падкрэслівае ён, але цяперашняе кіраўніцтва Беларусі да гэтага відавочна не гатова.
„Такая сітуацыя з’яўляецца праблемай не толькі для самой рэспублікі і, перш за ўсё, яго бяднеючага насельніцтва, але і для Расеі, так як дыскрэдытуе мадэль як Саюзнай, так і еўразійскай інтэграцыі ў вачах насельніцтва рэспублікі», – падводзіць да галоўнай думкі артыкула аўтар.