„Рэпарцёры без межаў” патрабуюць вызваліць затрыманых у Беларусі журналістаў



Праваабарончая арганізацыя „Рэпарцёры без межаў” 13 мая распаўсюдзіла заяву, у якой запатрабавала вызваліць затрыманых у Беларусі журналістаў.

У заяве адзначаецца, што за апошнія некалькі дзён былі затрыманыя пяцёра журналістаў: Міхаіл Аршынскі, Аляксандр Буракоў, Дзмітрый Лупач, Алесь Асіпцоў і Аляксандр Баразенка. Апошні быў адпушчаны пасля трох гадзін затрымання, астатнія зараз адбываюць адміністрацыйныя арышты.

„Рэпарцёры без межаў” асуджаюць пераслед журналістаў і „заклікаюць міжнародную супольнасць зрабіць націск на Менск, каб забяспечыць паважанне свабоды прэсы напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў”.

„Гэты мэтанакіраваны пераслед напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў відавочна мае на мэце запалохванне журналістаў і стварэнне перашкоды распаўсюджванню інфармацыі, якая тычыцца апазіцыйных рухаў у краіне, — гаворыцца ў заяве. — Прысуды супярэчаць артыкулу 34 закона аб СМІ Беларусі, які дазваляе журналістам асвятляць публічныя мерапрыемствы. Нішто не апраўдвае працяг утрымання пад вартай гэтых журналістаў, разборы супраць іх павінны быць спыненыя, а асноватворнае права на інфармаванне — выкананае”.

11 мая суды Кастрычніцкага раёна Магілёва і Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі журналістаў Міхаіла Аршынскага і Дзмітрыя Лупача. Абодва асвятлялі ў сваіх гарадах сустрэчы з гомельскім блогерам youtube-канала „Краіна для жыцця” Сяргеем Ціханоўскім. У судзе Лупачу стала дрэнна, яго шпіталізавалі з гіпертанічным крызам у рэанімацыю Глыбоцкай раённай бальніцы.

12 мая суд Ленінскага раёна Магілёва вынес пастанову аб арышце журналіста і праваабаронцы рэгіянальнага аддзялення закрытага ўладамі цэнтра „Вясна” Аляксандра Буракова, які супрацоўнічае з нямецкай радыёстанцыяй Deutsche Welle, а суд Кастрычніцкага раёна гэтага абласнога цэнтра — аб арышце пазаштатнага карэспандэнта БелаПАН Алеся Асіпцова, які абвясціў галадоўку пратэсту.

Буракова абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі 6 мая каля ізалятара часовага ўтрымання ў Магілёве, Асіпцова — ва ўдзеле ў сустрэчы з Ціханоўскім. Абодва працавалі на гэтых мерапрыемствах.

11 і 12 мая ў розных гарадах краіны таксама прайшлі суды над удзельнікамі акцый салідарнасці з Ціханоўскім, які зараз адбывае 15-сутачны арышт у гомельскім ІЧУ. Актывістаў арыштоўваюць альбо буйна штрафуюць.

Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) запатрабавала ад уладаў вызваліць арыштаваных за апошнія дні калег і перагледзець ініцыяваныя ў дачыненні да іх адміністрацыйныя справы. „Закон Рэспублікі Беларусь „Аб СМІ” дае права журналістам прысутнічаць на масавых мерапрыемствах, у раёнах надзвычайных сітуацый, у месцах грамадска важных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю. Такім чынам, журналісты мелі права прысутнічаць на акцыях і выконваць там сваю працу”, — гаворыцца ў заяве БАЖ.

У асацыяцыі перакананыя, што прыцягненне журналістаў да адказнасці за выкананне імі сваіх прафесійных абавязкаў „выкліча рашучы пратэст прафесійнай супольнасці”. „Асаблівым здзекам лічым прымяненне ў якасці пакарання адміністрацыйнага арышту ў перыяд пандэміі каранавіруса, што з’яўляецца сур’ёзнай небяспекай для здароўя калег”, — звярнулі ўвагу аўтары заявы.

Акрамя неадкладнага вызвалення калег і перагляду іх адміністрацыйных спраў БАЖ патрабуе ад уладаў аналагічна зрабіць і ў дачыненні да грамадзян, якіх прыцягнулі да адказнасці за выказванне свайго меркавання.

Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Арлем Дэзір таксама асудзіў арышты журналістаў у Беларусі і заклікаў неадкладна іх вызваліць.

 

belapan.by