Рэжымам Лукашэнкі распрацоўваецца законапраект аб прызнанні генацыду беларускага народу



Яго могуць прыняць у першым чытанні яшчэ ўвосень. Пра гэта паведамляла агенцтва БелТА, цытуючы намесніцу старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Лілію Ананіч. Законапраект прадугледжвае, што будуць распрацаваныя іншыя заканадаўчыя акты, якія вызначаць адказнасць за адмаўленне генацыду беларускага народу.

У красавіку генеральны пракурор Андрэй Швед заявіў, што Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. У траўні Швед заявіў, што пракуратура ў рамках распачатай справы ўстанавіла звесткі пра яшчэ жывых нацысцкіх злачынцаў, якія бралі ўдзел у дзейнасці карных батальёнаў, “у першую чаргу літоўскіх батальёнаў СС і Арміі Краёвай”.