Роберт Мэнэндэс: ЗША павінны падтрымліваць націск на рэжым Лукашэнкі



Злучаныя Штаты павінны падтрымліваць націск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку шляхам узмацнення санкцый, заявіў на пасяджэнні камітэта Сената ЗША па знешняй палітыцы 9 чэрвеня старшыня гэтага камітэта Роберт Мэнэндэс. Трансляцыя пасяджэння вялася на сайце камітэта.

Паводле слоў Мэнэндэса, пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, якія Лукашэнка „паспрабаваў скрасці”, рэпрэсіі яго рэжыму выраслі экспаненцыйна. „У турмах сотні адважных палітвязняў, некалькі чалавек забітыя. Нягледзячы на гэты націск, народ Беларусі працягвае выступаць, адстойваючы свае правы”, — адзначыў ён.

Чарговым фактам рэпрэсій з боку уладаў, заявіў амерыканскі сенатар, стаў „арышт Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі ў выніку дзяржаўнага угону самалёта”.

„Якім павінен быць наш адказ Беларусі з улікам таго, што трэба паслаць сігнал не толькі рэжыму ў Менску, але аўтакратам ва ўсім свеце? Гэта кантрольны тэст, які Злучаныя Штаты павінны прайсці. ЗША пройдуць яго, стаўшы на чале міжнароднай супольнасці ў пытанні правоў чалавека і дэмакратыі, стаўшы на чале міжнародных санкцый, выразна і публічна выказваючы сваю салідарнасць з дэмакратычнай апазіцыяй і народам Беларусі”, — сказаў Мэнэндэс.

Ён падкрэсліў, што толькі беларускі народ павінен дамагацца таго, каб Беларусь была дэмакратычнай краінай, паколькі гэта „яго суверэнная адказнасць”, аднак ЗША „абавязаныя падтрымліваць націск на рэжым”, і для гэтага „трэба зрабіць некалькі ключавых крокаў”.

„Па-першае, санкцыі. ЗША паўторна ўвялі санкцыі ў дачыненні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў, аднак гэта мала паўплывала на разлікі Лукашэнкі, — заявіў кіраўнік сенацкага камітэта. — Супрацоўнічаючы з Еўропай, адміністрацыя Байдэна павінна ўвесці санкцыі ў дачыненні да беларускага дзяржаўнага банка, калійных прадпрыемстваў і прадпрыемстваў з сферы энергетыкі. Пара ўзмацняць націск”.

„Па-другое, нам трэба падтрымаць апазіцыю ў Беларусі. Я цаню тое, што на мінулым тыдні сябры нашага камітэта сустрэліся з апазіцыяй у Вільнюсе. Лукашэнка павінен кожны раз бачыць, што міжнародная супольнасць не лічыць яго легітымным. Кіраўніцтва беларускай апазіцыі павінна быць запрошанае на саміт G7 у Вялікабрытаніі на наступным тыдні. Мы не павінны прапускаць магчымасць выказаць салідарнасць з гэтымі адважнымі актывістамі”, — адзначыў ён.

Яшчэ адной мерай ціску амерыканскі сенатар назваў „дбайнае расследаванне і канкрэтныя захады пакарання за ўгон самалёта Ryanair 23 мая”. „Калі наш адказ будзе бляклым, гэта стане ясным сігналам для аўтакратаў ва ўсім свеце, што сезон палявання на дэмакратычных актывістаў за мяжой адкрыты”, — сказаў Мэнэндэс.

belapan.by

Фота: Aristide Economopoulos | NJ Advance Media for NJ.com