Румас: Пазіцыі Беларусі і Расеі па далейшай інтэграцыі сыходзяцца на 70%



Пазіцыі Беларусі і Расеі па далейшай інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы сыходзяцца на 70%, заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас 24 траўня на сустрэчы са сваім расейскім калегам Дзмітрыем Мядзведзевым у Падмаскоўі.

Сюжэт пра перамовы кіраўнікоў урадаў дзвюх дзяржаў быў паказаны ў выпуску навін на тэлеканале „Беларусь 1„.

„Я ўдзячны вам за тое, што, як мы і дамаўляліся ў Ерэване, мы атрымалі ад вас аператыўна прапановы па далейшай інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы, — сказаў Румас. — Мы старанна прапрацавалі і гэтак жа аператыўна вам перападалі свае прапановы. Я думаю, што мы сёння зможам абмеркаваць іх. На 70% нашы пазіцыі сыходзяцца. І вось сёння хацелася б па астатніх 30% зразумець, дзе ў нас і ў чым адрозненне, якія развязкі ёсць”.

Мядзведзеў адзначыў, што апошнім часам ім з Румасам давялося абмяркоўваць розныя пытанні, у тым ліку няпростыя наяўныя. „Але ёсць і стратэгічныя пытанні, у прыватнасці па нашым ўзаемадзеянні ў рамках Саюзнай дзяржавы, — дадаў ён. — У канцы года мы з вамі правялі пасяджэнне саюзнага Саўміна, абмяркоўвалі наяўнае жыццё, а зараз абмяркоўваем дадатковыя магчымасці па рэалізацыі саюзнай дамовы — самага вялікага інтэграцыйнага праекта”.

Тэму больш цеснай інтэграцыі ініцыяваў у снежні мінулага года расейскі бок. Гэта адбывалася на фоне не вырашанай дагэтуль спрэчкі аб кампенсацыі Беларусі наступстваў ад правядзення ў Расеі падатковага манеўру. У Менску налічылі прыкладна 15 млрд долараў стратаў і разлічваюць на іх пакрыццё. Масква ставіць прэферэнцыі ў залежнасць ад ступені інтэграцыі дзяржаў.

На пасяджэнні саюзнага Саўміна ў Берасце 13 снежня 2018 года Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што Расея гатовая і далей прасоўвацца па шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы з Беларуссю, уключаючы стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра, адзінай мытнай службы, суда, падліковай палаты. А за два дні да гэтага віцэ-прэм’ер РФ Дзмітрый Казак на сустрэчы з беларускай дэлегацыяй адмовіўся абмяркоўваць кампенсацыю страт ад падатковага манеўру і даванне скідкі на газ „да прыняцця прынцыповых рашэнняў аб руху ў кірунку далейшай інтэграцыі Расеі і Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы”, паведамлялі расейскія СМІ.

У снежні Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін двойчы сустракаліся ў Маскве. Яны дамовіліся аб стварэнні рабочых груп „для вырашэння пытанняў у рамках далейшай інтэграцыі дзвюх краін”.

17 красавіка Дзмітрый Мядзведзеў падчас справаздачы аб дзейнасці ўрада ў Дзярждуме РФ паведаміў, што беларускаму боку перададзеныя прапановы аб інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы. „Беларускім сябрам перададзеныя нашы прапановы па інтэграцыі, — сказаў ён. — Яны вызначаюцца, што для іх з’яўляецца прымальным, што менш прымальным. Зараз мы вядзем з нашымі калегамі, з нашымі партнёрамі з Беларусі размову пра тое, якім чынам гэтую інтэграцыю зрабіць яшчэ больш важкай”.

18 красавіка міністр замежных спраў Уладзімір Макей паведаміў журналістам, што Беларусь накіравала расійскім партнёрам свае прапановы па далейшай інтэграцыі. „Нашы прапановы, я так разумею, знаходзяцца на разглядзе ў Маскве ў адпаведных урадавых структур. Думаю, што пасля вывучэння гэтых прапаноў рабочая група пачне больш актыўна працаваць над рэалізацыяй нашай канцэпцыі паглыблення інтэграцыі”, — адзначыў кіраўнік МЗС.

На просьбу канкрэтызаваць беларускія прапановы Макей адказаў: „Прапановы ахопліваюць усе сферы нашага супрацоўніцтва”.

belapan.by