Румас: Рост дабрабыту людзей стане асноўным складнікам ацэнкі працы



Рост дабрабыту людзей будзе з’яўляцца асноўным складнікам ацэнкі працы абноўленага складу ўрада, заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас у эфіры праграмы ОНТ „Нашы навіны”.

Ён звярнуў увагу, што ўсе праграмныя дакументы на пяцігодку для працы ўрада і ўстойлівай працы эканомікі ўжо прынятыя. „Зменены склад урада будзе па іх працаваць”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

Румас таксама паведаміў, што ўрад будзе надаваць асаблівую ўвагу праблемным пытанням, пра якія казаў Аляксандр Лукашэнка. Гэта пытанні дысцыпліны, прыстойнасці і дабрабыту людзей.

Намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгій Грыц лічыць, што зацвярджэнне новага складу ўрада „не прывядзе да змены нейкай стратэгічнай лініі, у першую чаргу, кіраўніка дзяржавы”.

Галоўным прыярытэтам на сёння ён назваў эфектыўнасць. З гэтага пункту гледжання прызначэнне Румаса апраўданае, бо менавіта ён, адзначыў Грыц, „рэанімаваў эфектыўнасць дрэваапрацоўчай прамысловасці”.

„Я б казаў не пра змену, а пра ўзмацненне ўсіх прыярытэтаў, якія былі зацверджаны раней”, — дадаў Грыц.

Нагадаем, Лукашэнка 18 жніўня змяніў кіраўніцтва ўрада: замест Андрэя Кабякова прэм’ер-міністрам Беларусі прызначаны Сяргей Румас, які да цяперашняга часу ўзначальваў Банк развіцця.

Першым намеснікам прэм’ер-міністра прызначаны Аляксандр Турчын, які кіраваў апаратам Савета міністраў.

Намеснікамі прэм’ер-міністра прызначаныя Ігар Ляшэнка, які ўзначальваў канцэрн „Белнафтахім”, а таксама Уладзімір Кухараў, які да гэтага займаў пасаду намесніка старшыні КДК. Акрамя гэтага, намеснікам прэм’ер-міністра прызначаны Ігар Петрышэнка, які з’яўляўся паслом Беларусі ў Расіі.

Міністрам архітэктуры і будаўніцтва прызначаны Дзмітрый Мікулёнак, міністрам прамысловасці — Павел Уцюпін, міністрам сувязі і інфарматызацыі — Канстанцін Шульган, міністрам эканомікі — Дзмітрый Крутой.

Старшынёй Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта прызначаны Раман Галоўчанка.