Румас сустрэўся з прэм’ерам Дзяржсавета КНР Лі Кэцяна



Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас пацвердзіў гатоўнасць Беларусі развіваць адносіны з Кітаем на сустрэчы з прэм’ерам Дзяржаўнага савета КНР Лі Кэцянам, якая адбылася 12 кастрычніка ў Душанбэ на палях пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў — членаў ШАС.

Румас падзякаваў Лі Кэцяну за асабістую ўвагу да развіцця беларуска-кітайскіх адносін. „Наша сустрэча праходзіць на тэрыторыі трэцяй дзяржавы, але я ўпэўнены, што найбліжэйшым часам мы павінны сустрэцца ў Кітаі ці Беларусі”, — цытуе беларускага прэм’ера прэс-служба ўрада.

Прэм’ер-міністр нагадаў, што лідары Беларусі і Кітая правялі сустрэчу на саміце ШАС у Ціндаа. Паводле яе вынікаў быў дасягнуты шэраг важных дамоўленасцей, якія ўжо рэалізаваныя. Паміж краінамі ўсталяваны бязвізавы рэжым. „Гэта даказвае наша ўзаемнае імкненне да практычнага развіцця двухбаковых адносін”, — падкрэсліў Румас.

Як адзначае прэс-служба ўрада, Беларусь і Кітай рыхтуюцца правесці ў чэрвені 2019 года міжнародны форум ініцыятывы „Адзін пояс, адзін шлях”. Беларускі бок разлічвае на ўдзел у ім старшыні КНР Сі Цзіньпіна.

Тавараабарот Беларусі і мацерыковага Кітая за студзень-ліпень 2018 года склаў 1 млрд 971,1 млн долараў ЗША (129% да аналагічнага перыяду 2017 года). Асноўныя артыкулы экспарту: калійныя ўгнаенні, поліаміды, лён, малако і вяршкі згушчаныя і сухія, вырабы з каменю, малочная сыроватка, электронныя інтэгральныя схемы, рапсавы алей.

belapan.by